Лукашэнка заступіўся за кароваў: "Калі чалавек не разумее, што гэта Асвенцім..."

26/03/2019 - 10:26

Аляксандр Лукашэнка працягвае свой візіт у Шклоўскі раён, які пачаўся 25 сакавіка. Сёння ён наведаў малочна-таварны комплекс "Сліжы" ААТ "Амкадор-Шклоў", якое ўваходзіць у аграхолдынг "Купалаўскае".

Паглядзеўшы некалькі кароўнікаў, кіраўнік дзяржавы абурыўся ўмовамі, у якіх трымаюць жывёлу. Таксама яму не спадабалася адсутнасць парадку ў вытворчых памяшканнях. 

"Калі чалавек не разумее, што гэта Асвенцім, а вы яго ставіце кіраўніком холдынгу, я вас наогул не разумею", — цытуе словы Лукашэнкі яго прэс-служба.

Таксама ён заявіў, што ў комплексе ніхто і ніколі не прыбірае па-чалавечы. І праз два гады працы комплекс выглядае так, быццам працуе ўжо 10 гадоў. 

Кіраўнік Беларусі паведаміў, што ў расійскіх СМІ яго паездкі па калгасах тлумачаць праваламі ў сельскай гаспадарцы. Ён патлумачыў, што дзяржава магла б у вытворчасці прадукцыі адмовіцца ад стратных гаспадарак, якіх налічваецца 20-25%. "Але там жа жывуць нашы людзі, там жа ёсць глеба, зямля, якую трэба апрацоўваць. Таму мы не кідаем гэтыя гаспадаркі, вёскі і людзей, а падымаем іх", — дадаў Лукашэнка.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі