Лукашэнка прачытаў даклад АБСЕ і даручыў стварыць экспертную групу

12/02/2016 - 11:30

Аляксандр Лукашэнка даручыў стварыць міжведамственную экспертную групу па вывучэнню рэкамендацый АБСЕ, а таксама па выпрацоўцы прапановаў па выкарыстанню гэтых рэкамендацый. Прычым, гэта павінна быць зроблена ў самыя кароткія тэрміны, заявіў кіраўнік дзяржавы ў пятніцу на сустрэчы са старшынёй Цэнтрвыбаркаму Лідзіяй Ярмошынай.

Як інфармуе БЕЛТА, Лукашэнка адзначыў, што Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ рыхтавала даклад па прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі, якія прайшлі ў кастрычніку 2015-га, "доўга". "Праўда, ён, у асноўным, як я заўважыў, нічым не адрозніваецца ад папярэдняга. Але ёсць нейкія прапановы, патрабаванні да нас... Ёсць неабходнасць абмеркаваць сцісла вынікі прэзідэнцкіх выбараў вачыма БДІПЧ АБСЕ", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

З'явілася выніковая справаздача БДІПЧ АБСЕ па прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі

Ярмошына паведаміла, што экспертную групу створаць ужо сёння. Яна будзе працаваць пад кіраўніцтвам ЦВК. Праз месяц група прадаставіць рэкамендацыі ці прапановы "па той пазіцыі, якую выказала АБСЕ".

Як паведамляла Еўрарадыё, прадстаўнікі АБСЕ, якія наведвалі Беларусь у студзені, заявілі, што да парламенцкіх выбараў у Беларусі ёсць магчымасць змяніць выбарчае заканадаўства. Выбары яшчэ не прызначаныя, але, верагодна, адбудуцца ў пачатку восені.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі