Лаўроў сказаў, што "геаграфічныя задачы" Расіі ва Украіне пашырыліся

21/07/2022 - 13:34
Сяргей Лаўроў / Emmanuel Hungrecker

Геаграфія інтарэсаў Расіі ва Украіне змянілася, вынікае з інтэрв'ю міністра замежных спраў РФ Сяргея Лаўрова расійскаму дзяржаўнаму агенцтву РІА Навіны.

"Па меры таго, як захад будзе напампоўваць Украіну ўсё больш дальнабойнай зброяй, геаграфічныя задачы будуць адсоўвацца", — сказаў Лаўроў.

Сярод абласцей, на якія цяпер распасціраюцца інтарэсы Расіі, Лаўроў назваў таксама Запарожскую і Херсонскую вобласці і "шэраг іншых тэрыторый".

На днях афіцыйны прадстаўнік Савета нацыянальнай бяспекі ЗША Джон Кірбі распавёў, што Расія закладвае аснову для анексіі акупаваных тэрыторый "па крымскай схеме". Яго цытавала ВВС.

Кірбі спасылаўся на дадзеныя амерыканскай выведкі. Паводле гэтых звестак, акупаваныя рэгіёны Украіны могуць правесці "рэферэндумы" аб далучэнні да Расіі ўжо ў верасні. Па словах Кірбі, прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін "стрэсвае пыл з сцэнара 2014 года".

Менавіта для працы над арганізацыяй рэферэндумаў Расія прызначае прарасійскіх чыноўнікаў на кіруючыя пасады ў акупаваных рэгіёнах, вынікае са слоў Кірбі. А вынікі галасавання будуць выкарыстаныя Расіяй "для спробы анексіі суверэннай украінскай тэрыторыі".

Па словах Кірбі, сярод рэгіёнаў, якія паспрабуе анексаваць Расія, Херсон, Запарожжа, Данецк і Луганск.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі