Курс долара ў Беларусі пабіў рэкорд: усё праз зніжэнне расійскага рубля

07/04/2021 - 12:45
Расійскі рубель займае палову ў валютным кошыку, таму беларускі слабее з ім​ / Reuters

Па выніках таргоў 7 красавіка долар падаражэў на 1,3 капейкі — да 2,6676 рубля. Гэта гістарычны максімум. Папярэдні рэкорд курс долара паставіў 28 жніўня мінулага года — тады таргі на біржы скончыліся на адзнацы 2,6631 рубля.

Еўра на таргах 7 красавіка вырас яшчэ мацней: на 3,3 капейкі, або на 1,06%. Цяпер афіцыйны курс еўра ў Беларусі — 3,1684 рубля.

Пры гэтым расійскі рубель патаннеў на 1,15%.

"Гэта не падзенне беларускага рубля"

Прычына такіх вынікаў таргоў — зніжэнне расійскага рубля да долара і еўра, якое адбылося ў другой палове 6 красавіка пасля закрыцця таргоў у Беларусі і працягнулася 7 красавіка. Так лічыць старшы аналітык "Альпары Еўразія" Вадзім Іосуб.

— У Расіі долар і еўра выраслі да значэнняў лістапада мінулага года. Звязана гэта з абвастрэннем сітуацыі на ўсходзе Украіны і пагрозай новых санкцый супраць Расіі. На гэтым фоне замежныя інвестары пазбаўляюцца ад расійскіх рублёвых дзяржаблігацый, канвертуюць грошы ў валюту, выводзяць яе, і расійскі рубель падае.

Гэта і адбілася на таргах у Беларусі. Адносна ж валютнага кошыка беларускі рубель нават крыху ўмацоўваецца — за кошт моцнага зніжэння расійскага рубля, адзначае эксперт.

— Гэта не зніжэнне беларускага рубля. Гэта зніжэнне расійскага рубля адносна долара. Улічваючы долю расійскага рубля ў нашым валютным кошыку, якая звязана з тым, што Расія займае прыблізна палову нашага знешняга гандлю, любыя моцныя ваганні расійскага рубля будуць прыводзіць да такіх ваганняў на нашым валютным рынку.

Як доўга гэта працягнецца? Гэта залежыць ад таго, колькі яшчэ будзе падаць да замежных валют расійскі рубель.

— Улічваючы падзеі ва Украіне і чаканне санкцый, адказ на гэта пытанне не вельмі пэўны, — кажа Вадзім Іосуб.

Што гэта ўсё значыць для беларусаў?

Калі трэнд будзе кароткатэрміновым, то сур'ёзна нічога не зменіцца. Калі ж ён стане доўгатэрміновым, то тыя беларусы і прадпрыемствы, якія зарабляюць долары і еўра, а разлічваюцца ў беларускіх рублях, адчуюць выгаду. І наадварот.

— Умацаванне да расійскага рубля азначае, што для нас стане таннейшым імпарт з Расіі. З іншага боку, наш экспарт у Расію стане даражэйшым і пры іншых роўных можа скарачацца. Але пры экспарце, напрыклад, на заходнія рынкі пры зніжэнні беларускага рубля падае доларавы эквівалент нашых заробкаў. Гэта значыць, у любым руху ёсць і плюсы, і мінусы, — рэзюмуе Іосуб.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі