Крэдыторская запазычанасць арганізацый Кіраўсправамі Лукашэнкі за 2025 год вырасла на 37%

15/09/2026 - 11:44

Справаздача аб рабоце за 2025 год / LookByMedia

Крэдыторская запазычанасць арганізацый, падпарадкаваных Кіраўніцтву справамі Аляксандра Лукашэнкі, на 1 студзеня 2026 года склала 754,5 мільёна рублёў. За 2025 год гэты паказчык павялічыўся на 204 мільёны рублёў, або на 37,1%. Такія даныя прыводзяцца ў дакуменце аб выніках работы арганізацыі за 2025 год. Справаздачу ў распараджэнне Еўрарадыё перадала ініцыятыва BELPOL.

Агульная запазычанасць па крэдытах і пазыках на пачатак 2026 года дасягнула 579,8 мільёна рублёў, павялічыўшыся за дванаццаць месяцаў на 15,4%.

У прыватнасці, даўгі па банкаўскіх крэдытах выраслі на 20,5% і склалі 425,8 мільёна рублёў.

Згодна з данымі дакумента, пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасць падпарадкаваных структур вырасла на 1,4% і склала 81,2 мільёна рублёў.

Дэбіторская запазычанасць арганізацый за мінулы год павялічылася на 39,7% — дасягнула 513 мільёнаў рублёў, з якіх 45 мільёнаў з'яўляюцца пратэрмінаванымі.

Акрамя таго, па выніках работы за 2025 год дзве падпарадкаваныя арганізацыі дапусцілі чыстыя страты на агульную суму 98,1 мільёна рублёў.

Па выніках 2025 года камерцыйныя арганізацыі ведамства атрымалі чысты прыбытак у памеры 371,5 мільёна рублёў, а рэнтабельнасць продажаў склала 3,8%.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі