Хто можа трапіць у Каардынацыйную раду? Ад Вольгі Карач да Зянона Пазняка

15/04/2024 - 11:45

Палітычны спектр удзельнікаў даволі шырокі / @rubanau_collage

Выбары ў трэці склад Каардынацыйнай рады адбудуцца з 25 да 28 траўня. Выбаршчыкі будуць галасаваць за спісы. Мандаты будуць размеркаваныя між тымі спісамі, якія пераадолеюць бар’ер у 3%.

Каардынацыйная рада будзе сфармаваная з 80 дэлегатаў. Чым больш галасоў набярэ той ці іншы спіс, тым больш кандыдатаў з яго і пройдзе ў КР.

Але “чые” гэта будуць спісы і хто ў іх будзе ўваходзіць? Еўрарадыё налічыла ажно 13 патэнцыйных “выбарчых суб’ектаў”. Хутчэй за ўсё, на выбары пойдуць не ўсе з іх. А могуць з’явіцца і тыя, каго мы не ўлічылі.

Аляксандр Азараў і BYPOL

Арганізацыя заявіла, што ідзе на выбары і ўжо працуе над складаннем спісу. Пакуль вядома, што ў яго ўвойдуць публічныя прадстаўнікі BYPOL: Аляксандр Азараў, Станіслаў ЛупаносаўАляксандр Ракіцкі. У КР яны плануюць стварыць кааліцыю сілавога блока.

Аляксандр Азараў / ByPol

— Запрашаем былых сілавікоў і ўдзельнікаў баявых дзеянняў ва Украіне далучацца да нас, — кажа Аляксандр Азараў.

Полк імя Кастуся Каліноўскага і “Кіберпартызаны”

Каліноўцы як самае вялікае фарміраванне беларускіх добраахвотнікаў на ўкраінскім фронце адразу пасля з’яўлення не хавалі сваіх палітычных амбіцый. І наўпрост заяўлялі пра жаданне “прадстаўляць беларусаў”, прычым не толькі ва Украіне.

Дзеля гэтага ваяры ўжо шмат зрабілі: скаапераваліся з Зянонам Пазняком і “Кіберпартызанамі”, правялі палітычную канферэнцыю ўвосень мінулага году. А ў гэтым — зладзілі тур па гарадах Еўрасаюза, дзе сустракаліся з беларускімі эмігрантамі і СМІ.

Таму ўдзел каліноўцаў у выбарах у КР — падзея прадказальная і ў высокай ступені імаверная, нягледзячы на тое, што афіцыйна ПКК адмаўляецца раскрываць свае планы адносна электаральнай кампаніі. “Кіберпартызаны” расказалі Еўрарадыё, што вылучацца не плануюць.

Ягораў + Пракоп’еў

Павел Латушка

Гэтак жа, як і спіс Паўла Латушкі, кіраўніка НАУ і намесніка кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета.

Павел Латушка вельмі пільна сачыў за прыняццем рашэння адносна таго, як будуць праводзіцца выбары. Пры справядлівай працэдуры гэтая кампанія можа стаць рэпетыцыяй пераходу да парламентарызму, лічыць Латушка:

— Як палітык я лічу найбольш эфектыўнай і дэмакратычнай сістэмай прамое галасаванне па выбарчых спісах з адным голасам у кожнага выбаршчыка. Гэта можа стаць пачаткам шляху да сапраўднага парламентарызму без спробаў кланавання сістэмы так званага Усебеларускага народнага сходу рэжыму Лукашэнкі.

Офіс Святланы Ціханоўскай

Віталь Рымашэўскі і БХД

Віталь Рымашэўскі — “ветэран” Каардынацыйнай рады. Хутчэй за ўсё, ён будзе спрабаваць трапіць у новы склад арганізацыі. Парадак дня Рымашэўскага і партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя — кансерватыўныя каштоўнасці, парламенцкая супраца. Таксама ён выступае з крытыкай Офіса Святланы Ціханоўскай і агулам хоча ўзмацніць ролю КР.

Зянон Пазняк і “Вольная Беларусь”

Зянон Пазняк і яго паслядоўнікі амаль не супрацоўнічаюць з беларускім дэмакратычным істэблішментам. Кропкавыя кантакты ёсць — напрыклад, праз сябра “Вольнай Беларусі” Паўла Усава. Але разам з тым ёсць крытыка і таго, як арганізаваны працэс выбараў у Каардынацыйную раду, і ўплыву на яго ОСЦ і Аб’яднанага пераходнага кабінета.

Зянон Пазняк і Павел Усаў на прэс-канферэнцыі ў Варшаве / Euroradio

Але шансы на тое, што “Вольная Беларусь” вылучыць свой спіс на выбарах у КР, не нулявыя. Тым больш, што адзін з дэлегатаў КР мінулага склада, Ян Рудзік, падтрымлівае пазіцыі Пазняка — нават ішоў побач з ім на адной з вялікіх беларускіх акцый у Варшаве.

“Бабарыкінцы”

Сябраў штаба Віктара Бабарыкі ў актуальным складзе КР няма, але ж Антон Раднянкоў і Іван Краўцоў працавалі ў апараце арганізацыі. То-бок выконвалі не палітычныя, а арганізацыйныя функцыі. 

Падобна, што гэтых роляў ім было дастаткова. У КР 3.0 ад “бабарыкінцаў” плануе вылучацца толькі Таццяна Хоміч, сястра Марыі Калеснікавай. Пра гэта расказаў Іван Крацоў у эфіры Еўрарадыё:

— Акрамя Таццяны Хоміч ад нас не будзе асобнага спіса на выбары. Тры гады ўдзелу — ужо досыць. Трэба даць дарогу маладым, колькі можна ўжо сядзець, — заявіў палітычны актывіст.

Хоміч жа, хутчэй за ўсё, будзе займацца ў КР пытаннямі палітвязняў.

Вольга Карач і “Наш Дом”

Кіраўніца ініцыятывы “Наш Дом” Вольга Карач і яе муж усё ніяк не могуць паразумецца з літоўскімі міграцыйнымі ўладамі. Але ўдзельнічаць у выбарах у Каардынацыйную раду гэта не перашкодзіла б — было б жаданне. У КР Карач магла б зрабіцца своеасаблівым апанентам палку імя Каліноўскага, бо падтрымлівае так званых “еўрапейскіх пацыфістаў”.

Вольга Карач / Euroradio

Але ўдзельнічаць у выбарах Карач не плануе, пра што яна расказала ў размове з Еўрарадыё:

— Я адмовілася ад гэтага рашэння. Таму што дагэтуль не атрымала адказу на пытанне, навошта ствараўся аргкамітэт па правядзенні выбараў, калі ў выніку ён ні на што не ўплываў і ўсе прапановы па арганізацыі выбараў былі праігнараваныя, а ў выніку Каардынацыйная рада ўсё хутка вырашыла з Ціханоўскай. 

Паводле слоў Вольгі, яна марнавала па 4-5 гадзін асабістага часу за тыдзень на працу ў аргкамітэце. Але плёну не было:

— Па факце гэта была нейкая псіхатэрапія з тым жа прыкладна вынікам. Я не ўдзельнічаю, таму што ёсць упэўненасць, што і астатнія адносіны да часу і ўкладу ўдзельнікаў будуць прыкладна такімі ж.

Форум дэмакратычных сілаў і Нацыянальна-дэмакратычная платформа

Палітык Валерый Цапкала і яго жонка Вераніка, палітолаг Дзмітры Балкунец, актывіст Анатоль Фёдараў, прадстаўнік Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Анатоль Котаў аб’ядноўваюцца вакол структураў з назвамі Форум дэмакратычных сілаў і Нацыянальна-дэмакратычная платформа. Яны знаходзяцца ў адкрытай апазіцыі да Святланы Ціханоўскай і Аб’яднананага пераходнага кабінета.

Як і Вольга Карач, “фарумчане” ўваходзілі ў склад Грамадскага камітэта па падрыхтоўцы выбараў у КР, але потым з яго адышлі і заявілі пра няўдзел у выбарах у тым фармаце, які быў зацверджаны. Гэтую пазіцыю ў размове з Еўрарадыё паўтарыў Дзмітры Балкунец.

“Моладзевы наступ”

Фракцыя “Моладзевы наступ” (раней называлася "Моладзевая фракцыя") уваходзіць у цяперашні склад КР і займаецца зборам інфармацыі і адвакатаваннем праблем беларускай моладзі як у эміграцыі, так і на радзіме.  

У “Наступ” уваходзяць чальцы розных грамадскіх рухаў і кампаній: “Моладзевы блок”, "Задзіночанне беларускіх студэнтаў", Legalize Belarus і інш.  Многія з іх ярка сябе праявілі на выбарах 2019 і 2020 гадоў, а таксама падчас актыўнай фазы пратэстаў. Вылучаць на сёлетнія выбары "Наступ" плануе Маргарыту ВорыхавуЯўгена КараулаваЛізавету ПракопчыкАляксандра Аўтушка-Сікорскага.

Удзельнікі "Моладзевага наступу"/ rada.vision

Галоўны план фракцыі пакуль — прывесці як мага больш моладзі ў КР і захаваць яе ад развалу, прадметная праца з праблемамі беларускай моладзі, дапамога ў стварэнні працоўнай стратэгіі па вызваленні палітвязняў.

— Дакладная праграма са значна большай колькасцю пунктаў будзе апублікаваная прыкладна праз 2 тыдні, — удакладняе прадстаўніца “Моладзевага блоку” Ліза Пракопчык.

“Фемфракцыя”

У канцы мінулага года ў складзе КР узнікла “Фемінісцкая фракцыя”. У яе склад увайшло 10 сузаснавальніц. 

Сваёй мэтай актывісткі называлі “адвакацыю і дасягненне ў Беларусі ў будучыні гендарнай роўнасці”, а сярод планаў значыўся гендарны аўдыт унутраных дакументаў КР, стварэнне этычнага кодэкса і маніфеста бачання фемінісцкай і квірнай Беларусі.

Сваю дзейнасць “Фемфракцыя” працягне і будзе ўдзельнічаць у выбарах. Пра гэта Еўрарадыё расказала яе прадстаўніца Юлія Міцкевіч

— Якраз цяпер дафармоўваецца каманда, мы ідзём шырэйшым колам — не толькі ўдзельніцы “Фемфракцыі”, але і прадстаўніцы нашага фем- і квіркам’юніці. З тых, каго можна агучыць цяпер, — толькі я і Воля Павук, астатнія будуць пазней.

Паводле слоў Міцкевіч, мэты ў актывістак застаюцца ранейшымі, магчыма, яны толькі будуць дэталізавацца, але сэнс не зменіцца.

Што за Каардынацыйная рада і што за выбары?

Каардынацыйная рада — палітычнае ўтварэнне, якое называюць беларускім протапарламентам. Гэта створаны ў 2020-м годзе альтэрнатыўны прадстаўнічы орган дэмакратычных сілаў і арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі. КР дзейніае на падставе Статута ў інтарэсах Беларусі.

Пасля працяглых спрэчак і дэбатаў, ці мае гэта ўвогуле сэнс, сёлета Каардынацыйная рада ўсё ж вырашыла правесці выбары. Галасаванне будзе адбывацца праз анлайн-плаформу, якая знаходзіцца на апошняй стадыі тэставання. Удзельнічаць у выбарах змогуць грамадзяне Беларусі, трэба будзе верыфікаваць асобу.

Ужо сфармаваная выбарчая камісія з 6 прадстаўнікоў. Да 22 красавіка яна будзе рэгістраваць кандыдатаў. Галасаванне мае адбыцца з 25 да 28 траўня. Канчатковыя вынікі агучаць 8 чэрвеня.

Спіс удзельнікаў выбараў, які склала Еўрарадыё, не прэтэндуе на вычарпальнасць. З нашага агляду вынікае, што ў КР трэцяга склікання маглі б трапіць палітычныя сілы абсалютна рознага спектра. Але ўжо сёння некаторыя з іх вырашылі ігнараваць выбары. А на тое, каб перадумаць, застаўся толькі тыдзень.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі