КДБ называе “чуткамі” версію, што яны затрымалі і перадалі ФСБ Паўла Грыба

13/09/2017 - 11:03

Праверкай інфармацыі пра выкраданне невядомымі ў Гомелі ўкраінскага грамадзяніна Паўла Грыба займаецца МУС, і таму КДБ каментаваць яе адмаўляецца. Нейкі каментар можа з’явіцца толькі па выніках праведзенай праверкі, заявіў Еўрарадыё кіраўнік прэс-службы Камітэта дзяржбяспекі Беларусі Дзмітрый Пабяржын.

Прадстаўнік КДБ звяртае ўвагу на факт, што на тэрыторыі Беларусі ні ФСБ, ні спецслужбы іншых краін працаваць не могуць — толькі беларускія праваахоўныя структуры.

Пабяржын: “Існуюць працэдуры міжнароднай дапамогі, існуюць дамовы паміж Рэспублікай Беларусь і нашымі партнёрамі іншых краін. У тым ліку — па затрыманні злачынцаў, якія знаходзяцца ў міжнародным вышуку. Існуюць нашы абавязанні перад міжнароднымі праваахоўнымі структурамі, да прыкладу, Інтэрполам, якія мы павінныя ў адпаведнасці з гэтымі дамовамі рэалізоўваць. І калі паступае запыт, то мы ў межах гэтых дамоў, канечне ж, і дзейнічаем”.

Каментаваць версію, што Паўла Грыба затрымалі беларускія сілавікі і перадалі расійскім калегам у абыход працэдуры экстрадыцыі, Дзмітрый Пабяржын адмаўляецца. Прадстаўнік КДБ кажа, што гэта “чуткі, якія найперш з’яўляюцца ў “жоўтай прэсе” і якія не варта каментаваць”.

Што да праверкі, якую праводзіць МУС, то ніякай інфармацыі на гэты конт пакуль няма, кажа кіраўнік прэс-службы гэтага ведамства Канстанцін Шалькевіч.

Як паведамляла Еўрарадыё, 19-гадовы грамадзянін Украіны Павел Грыб прыехаў у Гомель для сустрэчы з Таццянай з расійскага горада Сочы 24 жніўня. У гэты ж дзень Павел мусіў вярнуцца на радзіму, але дома так і не з’явіўся. 28 жніўня бацька зніклага хлопца Ігар Грыб выступіў з заявай, што яго сына з тэрыторыі Беларусі выкралі супрацоўнікі ФСБ. 29 жніўня Еўрарадыё з неафіцыйных крыніц стала вядома, што Паўла ўтрымліваюць у СІЗА ў Краснадары. Але афіцыйнае пацверджанне гэтага з’явілася толькі 7 верасня. Як паведамляе ТАСС, у дачыненні да Паўла Грыба прымененая мера стрымання ў выглядзе арышту на два месяцы. Рашэнне гэтае нібыта было вынесенае Кастрычніцкім раённым судом Краснадара 17 жніўня. Такім чынам, піша ТАСС, праваахоўныя органы Расіі арыштавалі Паўла Грыба да 17 кастрычніка. 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі