Кавалкін: На “адкаты” па дзяржзакупках штогод ідзе каля 300 мільёнаў долараў

11/07/2017 - 13:14

Як праводзяцца тэндары па дзяржзакупках у Беларусі і наколькі яны празрыстыя? Што такое “закрытыя дзяржзакупкі” і чаму ў апошнія гады іх стала так шмат? Наколькі вялікая карупцыя ў сістэме дзяржзакупак, колькі грошай траціцца на “адкаты” і чаму праваахоўнікам так складана змагацца з карупцыйнымі схемамі ў гэтай сістэме? Пра гэта ды шмат іншае ў эфіры Еўрарадыё адказвае кіраўнік праекта “Кошт ураду”, эканаміст Уладзімір Кавалкін.

 

Цалкам размову з Уладзімірам Кавалкіным можна паслухаць:

Цытаты з размовы:

 

У рэйтынгу празрыстасці дзярзакупак сярод шасці краін Усходняга партнёрства (Украіна, Грузія, Малдова, Беларусь, Арменія, Азербайджан) наша краіна займае чацвёртае месца. Горш, чым у нас, сітуацыя з празрыстасцю дзярзакупак толькі ў Арменіі і Азербайджане.

Калі ў 2013 годзе закрытыя дзяржзакупкі складалі 55%, то ў 2014 годзе іх колькасць вырасла да 68%. У той жа час колькасць адкрытых тэндараў скарацілася з 19% да 7%. Гэта стала магчыма паля падпісання 31 снежня 2013 года кіраўніком Беларусі ўказа №590, які дазволіў пакупнікам, у выпадку, калі таргі па адкрытай працэдуры не далі выніку, праводзіць працэдуру закупкі “з адной крыніцы” ― у раней упадабанага пастаўшчыка. Без тэндара.

З-за таго, што адкрытыя тэндары не праводзяцца, інфармацыі пра іх няма, “новы” пастаўшчык тавараў і паслуг проста пра іх не даведаецца. Адзіная магчымасць увайсці на гэты “рынак дзяржзакупак” ― асабістыя сустрэчы і дамоўленасці, якія вельмі часта завяршаюцца “адкатамі”.

Чым больш у краіне закрытых працэдур, чым менш канкурэнцыі пры закупках ― тым больш карупцыі падчас такіх закупак.

Пачынаючы з 2015 года, статыстыка па колькасці “закрытых” і “адкрытых” закупак перастала публікавацца. Гэта пасля таго, як функцыя іх падліку перайшла ад Белстата да Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

Такой статыстычнай інфармацыі сёння няма не толькі ў бізнеса ці грамадзянскай супольнасці, але нават у МУС.

У любым тэндары, дзе кошт завышаны хаця б на 10% ад рынку, мае сэнс падазраваць карупцыю. Паўсюль, дзе “працэдура не адбылася з-за таго, што быў толькі адзін пастаўшчык”, але мы ведаем, што гэты сегмент рынку дастаткова канкурэнтны ― мае сэнс падазраваць карупцыю.

У краінах з узроўнем карупцыі як у Беларусі карупцыйныя рызыкі пра правядзенні дзяржзакупак эксперты ацэньваюць прыблізна ў 20% ад сум, патрачаных на гэтыя дзярзакупкі. З якіх 10% ідзе на “адкаты” і хабар.

Верагодныя страты беларускага бюджэту з-за таго, што дзяржзакупкі праводзяцца недастаткова празрыста, ацэньваюцца ў 600-700 мільёнаў долараў у год. З іх ад 300 да 400 мільёнаў губляецца на тым, што набылі тавар неадпаведнай якасці альбо няправільны. Астатнія каля 300 мільёнаў долараў ― гэта, па сутнасці, сума “адкатаў” у гэтай галіне. У год, я нагадаю.

Сума штогадовых “адкатаў” блізкія да сум, якія дзяржава траціць на пенсіі ці на заробкі бюджэтнікам.

Павышэнне ўзроўню празрыстасці ў сістэме дзяржзакупак, адмова ад правядзення “закрытых” тэндараў дазволіць скараціць карупцыйныя рызыкі і страты як мінімум на палову. Але мала хто з чыноўнікаў у гэтым зацікаўлены. 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі