Канада парушыць санкцыі супраць Расіі, каб дапамагчы Еўропе з газам

10/07/2022 - 09:06
Канада верне Германіі турбіну, якая палепшыць працу "Паўночнага патоку-1" / Reuters

Канада адправіць у Германію турбіну Siemens для газаправода "Паўночны паток-1", якую прыняла для рамонту. Пасля ўвядзення санкцый на расійскае газавае абсталяванне Канада адмаўлялася вяртаць турбіну.

Такое рашэнне прынята, каб падтрымаць "здольнасць Еўропы атрымаць доступ да надзейных і даступных крыніц энергіі, паколькі яны працягваюць пераход ад расійскай нафты і газу". Праз тое, што турбіна заставалася ў Канадзе, у чэрвені "Газпром" скараціў прапускную здольнасць "Паўночнага патоку-1" да 40%.

Кангрэс украінцаў Канады прасіў прэм'ер-міністра Джасціна Трудо не вяртаць турбіну, паколькі гэта "створыць прэцэдэнт адмовы ад санкцый, які затым будзе выкарыстоўвацца для атрымання новых адмоваў ад санкцый і падрыву адзінства Захаду".

Таксама Канада заявіла аб пашырэнні санкцый супраць энергетычнага сектара Расіі. Яны закрануць наземны і трубаправодны транзіт, вытворчасць металаў, транспартнае, камп'ютэрнае, электроннае і электрычнае абсталяванне, машыны.

Пакуль нафтагазавыя даходы дазваляюць расійскаму бюджэту заставацца прафіцытным, нягледзячы на іншыя санкцыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі