Каля Мазыра маглі збіць ударны дрон, у міліцыі кажуць, што "ўсё пад кантролем"

28/01/2025 - 08:10

Расійскія "шахеды" пачалі залятаць у Беларусь у ліпені 2024 года / focus.ua

Уначы ў аўторак жыхары Мазырскага раёна чулі магутны выбух. Адбылося гэта прыблізна ў 00:55. Мяркуецца, што супрацьпаветраная абарона збіла дрон-камікадзэ ("шахед"). Па некаторых звестках, ён быў у некалькіх кіламетрах ад раённага цэнтра.

Еўрарадыё уначы патэлефанавала ў аператыўна-дзяжурную службу мазырскага РАУС.

"Усё добра. Усё пад кантролем. Не перажывайце", — кажа супрацоўніца. Але пра тое, што за выбух чулі людзі, гаварыць не стала. "Я вам нічога тлумачыць не буду", — сказаў іншы міліцыянт.

Расійскія "шахеды" пачалі залятаць у Беларусь у ліпені 2024 года. У канцы жніўня ў Ельскім раёне на Гомельшчыне быў збіты першы расійскі ўдарны беспілотнік. У ноч з 7 на 8 студзеня 2025-га гукі выбуху былі чутны пад Гомелем.

Беларускія вайскоўцы адпрацоўваюць стральбу па беспілотніках з адзіночных аўтаматаў і стрэльбаў, з антыдронавых "зенітных аўтаматаў". У канцы года было аб'яўлена пра стварэнне мабільнага комплексу процідзеяння малапамерным дронам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі