Калінкіна: Мяркую, “Белпартызан” заблакавалі за каментарыі

22/01/2018 - 12:47

“На інфармацыйным рэсурсе belaruspartisan.org былі размешчаныя інфармацыйныя паведамленні і матэрыялы, якія змяшчаюць інфармацыю, распаўсюджванне якой здольнае нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь”, — паведамляе Міністэрства інфармацыі ў адказ на афіцыйны запыт Еўрарадыё.

Гэта адказ на канкрэтнае пытанне: “У якіх артыкулах (просім прывесці спасылкі) і якія законы парушылі аўтары “Белпрартызана””?

Не ўдаецца дамагчыся адказу і на вусны запыт па тэлефоне ў начальніцы упраўлення прававога забеспячэння і кантролю за выкананнем заканадаўства Вікторыі Мялешкі.

Еўрарадыё: Добры дзень, мы атрымалі адказ на наш запыт, але там няма адказу на наша пытанне. Можа, вы ўсё ж паведаміце за якія артыкулы заблакавалі “Белпартызан”.

Вікторыя Мялешка: Не.

Еўрарадыё: Але чаму?

Вікторыя Мялешка: Ну не.

Ужо больш чым месяц прычын блакіроўкі не ведае сазаснавальніца партала Святлана Калінкіна. Ёй прыйшоў такі ж адказ, які атрымала Еўрарадыё.

“Прызнацца ў тым, што ім не падабаецца, што пішуць звычайныя людзі, яны не могуць. А нешта прыдумляць не хочацца. Я маю на ўвазе каментарыі звычайных людзей пад артыкуламі. Таму яны не могуць сказаць, што ім не падабаецца голас народа. Мяркую, у гэтым і ёсць прычына блакіроўкі”.

Пакуль сайт працуе пад іншым даменным іменем, каментарыі ўжо адключаныя. Але ўладальнікам прынцыпова ведаць, за што менавіта заблакаваны рэсурс. Тады парушэнні можна выправіць.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі