Матэвуш Маравецкі / bild.de
Польшча настроеная абараняць межы сваёй краіны і Еўрасаюза, заявіў у інтэрв'ю нямецкаму выданню Bild прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі. Гутарка тычылася міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі з краінамі ЕС.
"Відавочна, што, калі мы не зможам утрымаць тысячы мігрантаў цяпер, то хутка іх будуць сотні тысяч і мільёны", — сказаў Маравецкі. Гэтыя людзі імкнуцца трапіць перш за ўсё ў Германію, але польскі прэм'ер не ўпэўнены, што немцы хацелі б прыняць такую колькасць мігрантаў.
"У Германіі пражывае больш за 80 мільёнаў чалавек – вы б дазволілі яшчэ 50 мільёнам прыехаць? Я лічу, што людзі ў Германіі не былі б рады гэтаму, таму што яны хочуць захаваць свой жыццёвы стандарт. Яны хочуць захаваць сваю культуру", — выказаў здагадку Маравецкі.
Ён раскрытыкаваў ранейшую міграцыйную палітыку нямецкага канцлера Ангелы Меркель. На яго думку, гэта было няправільна.
"Гэта паставіла пад пагрозу суверэнітэт многіх еўрапейскіх дзяржаў і стварыла штучны мультыкультуралізм. Гэта была небяспечная палітыка для Еўропы і для ўсяго свету", — заўважыў прэм'ер-міністр Польшчы.
У цяперашняй сітуацыі Беларусь выкарыстоўвае мігрантаў "у якасці зброі. І іх мэтамі з'яўляюцца Германія, Францыя, Нідэрланды" Польшча абараняе на сваёй мяжы ўсю Еўропу.
На думку Матэвуша Маравецкага, Мінск і Масква выкарыстоўваюць гэты крызіс, "каб збянтэжыць, дэстабілізаваць Захад".
"Магчыма таксама, што крызіс на мяжы закліканы толькі адцягнуць увагу ад новых ваенных нападаў, якія Пуцін рыхтуе ва Украіне", — выказаў здагадку Маравецкі.
Напярэдадні Маравецкі размаўляў па тэлефоне з Ангелай Меркель. Яны дамовіліся ўзгадняць дзеянні ва ўмовах неспакойнай сітуацыі на знешніх межах Еўрасаюза. Пры гэтым Меркель падкрэсліла поўную салідарнасць з Польшчай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут