Кароткі агляд сусветных навін / Еўрарадыё
Мільярдэры, у космас цяпер можна паляцець на ўвесь адпачынак. Раскосмас гатовы забяспечыць вам 12 дзён на МКС. А для ўсіх астатніх Airbnb за нейкіх 25 долараў прапаноўваў зняць асабняк з фільма "Адзін дома".
Кароткі агляд не самых важных сусветных навін у рэгулярнай падборцы Еўрарадыё.
Олаф Шольц прыняў прысягу. Цяпер ён не віцэ-канцлер ва ўрадзе Ангелы Меркель, а новы канцлер ФРГ. Ён узначаліць трохпартыйную кааліцыю, у якой значная большасць у нямецкім парламенце.
Левацэнтрысцкія сацыял-дэмакраты Шольца будуць кіраваць разам з зялёнымі і свабоднымі дэмакратамі, дружалюбнымі ў дачыненні да бізнесу.
Пасля галасавання ў парламенце прэзідэнт Бундэстага Бербель Бас спытаў Шольца, ці прымае ён гэта прызначэнне.
Даведацца, як адказаў Шольц, можна з яго твітара.
"Я сказаў так".
Ну колькі можна — яшчэ адзін мільярдэр паляцеў у космас! Толькі гэты палёт адрозніваецца ад тых, за якімі вы сачылі сёлета. Па-першае, мільярдэр японскі, па-другое, касмічны карабель — расійскі. Але гэта, вядома, не галоўныя адрозненні.
ВВС кажа, што расіяне арганізавалі касмічны турызм прынцыпова інакш, чым амерыканскія бізнесмены, якія адпраўлялі ў космас сябе і іншых сёлета.
Паляцець у космас на "Саюз-МС 20" — даражэй, чым на караблі Ілана Маска, напрыклад. Затое ў космасе можна правесці ажно 12 сутак!
Касматурыст рыхтаваўся да палёту і нават трэніраваўся на цэнтрыфузе. Праўда, сказаў, што гэта падобна не да трэніроўкі, а да катавання. Былі і іншыя трэніроўкі: будучы падарожнік падоўгу гуляў у бадмінтон і спаў на нахіленым ложку.
Расія, дарэчы, была першай краінай, якая запусціла турыста ў космас. З 2001 да 2009 года МКС наведалі 8 турыстаў. Тады Раскосмас супрацоўнічаў у гэтай сферы з амерыканскай кампаніяй Space Adventures. А ў 2010 годзе касмічны турызм спыніўся.
Потым за справу ўзяліся мільярдэры Ілан Маск, Рычард Брэнсан і Джэф Безас. Маск увосень адпраўляў турыстаў у космас на тры дні, Безас — на 11 хвілін. Мільярдэрам, якія любяць доўгія туры, Раскосмас падыдзе больш.
Японія думала, што ёй дасталася самая няўдалая Алімпіяда. Але гэта мы яшчэ не бачылі кітайскую.
Спачатку пра дыпламатычны байкот Гульняў заявілі ЗША: у Вашынгтоне па-ранейшаму занепакоеныя сітуацыяй з выкананнем у Кітаі правоў чалавека. Не, спартсмены прыедуць, не будзе толькі дыпламатаў.
Цяпер да дыпламатычнага байкоту далучыцца Аўстралія — з падобных прычын. Да таго ж двухбаковыя адносіны Кітая і Аўстраліі цяпер вымушаюць жадаць лепшага. Увогуле, Аўстралія растлумачыла сваё рашэнне проста: "Гэта правільны ўчынак".
Мы лічым сваім абавязкам зацытаваць для вас адказ Кітая:
"Горы не могуць перашкодзіць рацэ ўпасці ў мора. Поспех Аўстраліі на зімовых Алімпійскіх гульнях у Пекіне залежыць ад выступаў аўстралійскіх спартсменаў, а не ад прысутнасці аўстралійскіх афіцыйных асоб, а таксама палітычнага пазёрства некаторых з іх".
Ваш дыпламатычны скандал не такі паэтычны? Нават не ўгаворвайце яго асвятляць.
Нядаўна асабняк герояў фільма "Адзін дома" выставілі на Airbnb. Гэты домік у прыгарадзе Чыкага здалі менш чым за гадзіну!
Два пакоі ў гэтым асабняку можна было зняць усяго за 25 долараў. Праўда, даступнай была толькі адна дата — 12 снежня.
"Прабачце, пражыванне ў духу "Адзін дома" забраняванае і больш не даступнае", — гаворыцца ў аб'яве.
Але гэта ніяк не перашкодзіць перагледзець "Адзін дома". Так, можна пачынаць!
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут