"Міліцыя ганяе заўсёды. Але яны сталі вельмі ветлівыя"

29/05/2017 - 11:43

У панядзелак 29 траўня ў дванаццаці мінскіх пераходах афіцыйна (на спецыяльных месцах і з дазволам) пачынаюць граць вулічныя музыкі. Паслухаць іх можна з 14-й да 17-й і з 20-й па 22-ю гадзіну (гэта будні). Ну ці па выхадных ― з 14 да 22-й.

У пятніцу і суботу Еўрарадыё спусцілася ў пераходы горада і пагутарыла з музыкамі пра іх мэты, заробкі і стаўленне да новых правілаў.

Плошча Перамогі, Барыс і 10 капеек

Барыс скончыў музычную школу па класе гітары. Працуе майстрам па матэрыялах у Акадэміі мастацтваў. Выходзіць граць у пераход два-тры разы на тыдзень цягам двух гадоў. У рэпертуары ― школьная праграма і гітарная “класіка” ад Beatles да танга.

“Для мяне ігра ў пераходзе ― гэта найперш сацыакультурны пратэст, таму што цяпер не вельмі многа музыкаў, якія наогул робяць нейкую альтэрнатыўную папсе музыку. Вядома, шкада, што ў нас няма ніякай стрыт-музычнай прасторы, дзе сапраўды збіраюцца людзі, якія вартыя нечага большага, чым проста невядомасць... У пераходзе грошай больш, чым на цыгарэты і ежу, не заробіш. То бок, гэта міф, што музыкі ў пераходах добра зарабляюць, прынамсі, я такіх не ведаю. Нашы заробкі ― не больш, чым 25-30 рублёў за дзве гадзіны. Аднойчы я граў зімой у -17, і нейкі араб мне кінуў дваццаць долараў. Гэта была самая вялікая падзяка. А ўвогуле, стандартная падзяка музыкам на сёння, як ні сумна гэта гучыць, ― дзесяць капеек. Найбольш я люблю граць на Камароўцы. Там звычайна ніхто не грае, бо ў людзей няма грошай. І яны не кінуць табе, пакуль іх не будзе сапраўды кранаць… Міліцыя ганяе заўсёды. Але, дарэчы, яны сталі вельмі ветлівыя, і ўсё абыходзіцца без грубасці і агрэсіі. Нядаўна сказалі, што ў горадзе будуць адмысловыя кропкі для грання, але сам я гэтым не цікавіўся. Граць заўсёды трэба для простых людзей, а граць у месцы, якое мне не падабаецца, я б не хацеў”.

Плошча Якуба Коласа, Ігар і 95 долараў

Ігару, страхавому агенту па спецыяльнасці, 27 гадоў. Апошнія шэсць з іх ён спявае ў пераходах Мінска і на вуліцах беларускіх гарадоў. Вось і на мінулых выхадных хлопец адкрыў “беларускі тур” у Магілёве. А ўвогуле, яго можна пачуць у раёне філармоніі ў Мінску ў панядзелак, сераду і пятніцу. Выконвае песні класікаў рускага року.

"Пераход першапачаткова быў для мяне сродкам зарабляння грошай. Але ў выніку я адчуў тонкую мяжу паміж выгадай і аддачай часткі сябе літаральна ў нікуды. То бок, калі твой голас раствараецца ў натоўпе ― гэта страшна. Ты стараешся, выкладваешся, усё гэта тоне ў людской прорве, і толькі адзінкі дзякуюць табе за музыку. Я ніколі не быў музыкам, які збірае вакол сябе натоўп. Але з нядаўняга часу я вырашыў арганізаваць сваю дзейнасць, набыў апаратуру. Па буднях, калі добрае надвор'е, граю на выхадзе з метро на вуліцы. А ўвогуле, стараюся граць штодзень. Неяк у 2014 годзе граў у пераходзе ля гатэля “Мінск”. Ішоў мужчына абсалютна звычайнай знешнасці. Сунуў руку ў кішэню, кінуў грошы, і пайшоў. Я бачу, што валюта, думаю, долар, два, і граю далей. Апынулася, 95 долараў. Думаю, ё-маё, можа чалавек памыліўся, кінуў на аўтапілоце. Вырашыў яшчэ гадзінку пайграць на ўсялякі выпадак, а раптам вернецца?! Колькі атрымліваю “удзячных” грошай за дзень ― не скажу, кепская прыкмета. Але людзі ў незалежнасці ад крызісу, фінансавага становішча і маральнага распалажэння, дзякуюць аднолькава. Як тры гады таму чалавек клаў мне долар па курсе, так і цяпер. Я не пайду на дазволеныя пляцоўкі, бо ўпэўнены, што гэтыя дазволы ― першы крок да таго, каб апрануць ашыйнік падаткаплацельшчыкаў і на вулічных музыкаў. А гэта я лічу варварствам”.

Пераход ля “Сталіцы”, Сафія, Даша і страх

Адзінаццацігадовая Сафія і дзесяцігадовая Даша вучацца ў адной з мінскіх музычных школ. Скрыпічны дуэт грае канцэрт Вівальдзі і сольныя п’есы. У пераходзе ― трэці раз за жыццё. Сафія ― дачка дырыжора, марыць стаць прафесійным музыкам. А Даша да таго ж ― чэмпіёнка Еўропы па дзюдо. Марыць пра сабаку, і яшчэ не вырашыла, якім шляхам пойдзе.

"Нас сёння многа ганялі, казалі, што нельга граць. А адзін міліцыянер параіў усё ж прыйсці сюды. Гадзіну-паўтары ўжо граем. Хочам пераадолець страх, каб на сцэне было больш звыкла граць, і каб людзям было прыемна. Выкладчыкі ведаюць, што мы тут, яны рады, што мы свой талент выносім на публіку. Бацькі таксама паставіліся да ідэі з цікавасцю, маўляў, можаце паспрабаваць, кажуць быць асцярожнымі. Нам падабаецца тут акустыка. Рэха прыгожае. А граць перад мінакамі не страшна, нават лягчэй, чым на канцэрце”.

Плошча Якуба Коласа, 30 рублеў, Юля і Кацярына

Юля, студэнтка музычнага факультэта і Кацярына, будучы філолаг, граюць у пераходзе нядаўна. Не часцяць ― раз на месяц, калі ёсць настрой. Спяваюць песні “Арыі”, “Металікі” і “Тры чарапахі”.

“Граць у пераходзе ― хутчэй, пазіцыя, таму што я люблю граць на гітары, я вучылася граць на ёй самастойна, хоць і скончыла музычны каледж па класе баяна, ― распавядае Юля. ― Выходзім раз на месяц, калі ёсць настрой, без яго людзі не атрымаюць зарад энергіі. Сёння мала зарабілі. Найбольшы заробак ― гэта трыццаць рублёў, але гэта было перад святам 8-га сакавіка. Міліцыя нас пакуль ні разу не ганяла. Прадавачкі вечарам неяк папярэджвалі, маўляў, могуць падысці кепскія людзі, так што, дзяўчынкі, асцярожна. Было некалькі заўваг, але ў асноўным усе нармальна ставяцца. Мы граем тое, што самі любім, і што можа спадабацца людзям, даросламу пакаленню, напрыклад, “Простыя словы”, “Тры чарапахі”.

Плошча Якуба Коласа, Evandband і дзве з нечым тысячы падпісчыкаў

Evandband (скрыпач, віяланчэліст, кантрабасіст і перкусіяніст) трэці год ужо як зоркі “філарманічнага” перахода ― чатыры дні на тыдзень вакол іх збіраецца натоўп. Раней усе разам вучыліся ў музычным каледжы, цяпер ― у акадэміі музыкі і ўніверсітэце культуры. Бачаць сябе ў будучыні на вялікай сцэне.

“Мы такім чынам прасоўваем сваю музыку і зарабляем грошы. Дзякуючы пераходу, маем дзве з нечым тысячы падпісчыкаў. Запісваем альбом, ужо гатовыя шэсць трэкаў, засталося яшчэ тры. Тое, што зарабляем у пераходах, трацім на запіс, ежу, а скрыпач і віяланчаліст вучацца платна ― таму размяркоўваем. Граем круглы год, нават пры -30. І адсоткаў дзевяноста ― на гэтым месцы. Мы адсюль пачыналі, публіка тут часцей спыняецца і слухае, часам танцуе брэйкданс, кантынгент добры. Таму што філармонія побач? Не, тыя, што з рынку ― як раз такі лепшыя... Як граем, як стараемся, звычайна, так і кідаюць. Падчас Чэмпіянату Свету па хакеі за дзень нам аднойчы “падзякавалі” на 600 долараў. Але мы вельмі стараліся. А можна ўвогуле нічога не зарабіць, калі міліцыя ганяе. Мы вось і цяпер прыехалі сюды з плошчы Перамогі, прагналі. Тое, што цяпер прыдумалі месцы для вулічных музыкаў ― гэта зроблена вельмі граматна, але не для музыкаў. Па-першае, у гэтых месцах няма людзей. Па-другое, можна граць тады, калі там няма людзей. Найбольшы людскі паток ідзе з пяці да васьмі вечара. А там акурат у гэты час нельга граць. А для каго тады граць у 16 гадзін? Летам паедзем у Дзюсельдорф і Кёльн. Там трэба браць дазвол, але там усё для музыкаў”.

“Пераходныя” музыкі сябруюць з гандлярамі кветак і хэндмэйду ― у іх абанементы на канцэрты. Прадавачкі распавядаюць, што некаторыя музыкі ім падабаюцца, яны іх нават з вуліцы паслухаць спускаюцца, “калі ёсць душа”, а некаторых просяць пакінуць пераход, бо цяжка слухаць. А яшчэ яны папярэджваюць музыкаў, што хутка прыйдзе “міліцыянт Сярожа”, маўляў, расчахляцца не варта.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі