Ігар Сігаў распавёў, чаму сышоў з "Купалаўскага" пазней за іншых актораў

02/05/2021 - 15:26
Ігар Сігаў / ilinterviews.com

Актор тэатра і кіно Ігар Сігаў распавёў, чаму сышоў з "Купалаўскага" пазней за сваіх калег. "Я быў разам з імі, але клаўся ў лякарню на аперацыю і два месяцы правёў там. Хлопцы і дзяўчаты тым часам пісалі заявы на імя новага дырэктара, і іх звольнілі. Але я разумеў, што сваё рашэнне змяняць не буду, — кажа актор у інтэрв'ю праекту "Цікавыя людзі". — Гэта мая грамадзянская пазіцыя, і гэта правільна. Па-іншаму "Купалаўскі" не мог паступіць".

Па словах Сігава, яму сысці было прасцей, чым шмат каму з калег. Усё ж такі яго кар'ера ужо склалася: за плячыма больш за сто роляў у тэатры і ў кіно, і нават паездка на "Оскар" у 2010 годзе. "Ва ўсякім выпадку, у мяне было дзе жыць. Я не сыходзіў у нікуды", — дадае ён.

Цяпер акцёр апынуўся ў калектыве "свабодных купалаўцаў", якія выпускаюць спкетакли на сваім Youtube-канале. "Мы сустракаемся на асобнай пляцоўцы, рэпетуем. І гэта нават неяк цяплей, чым адбывалася ў сценах "Купалаўскага", — распавядае актор. — Кожная сустрэча заўсёды цёплая: усе падтрымліваюць адзін аднаго. Усе патрапілі ў сітуацыю не вельмі прыемную, у тым ліку фінансавую: у многіх дзеці, жыллёвыя, матэрыяльныя пытанні. Таму дапамагалі адзін аднаму, хто як можа".

Сігаў не асуджае тых, хто застаўся ў тэатры. Ён спакойна глядзіць на тое, як "Купалаўскі" аб'яўляе набор за наборам, спрабуючы набраць новую трупу. Нават калі гэта здарыцца, дык "гэта не будзе той Купалаўскі, якому сто гадоў, — лічыць ён. — Мяркуючы па тым, хто туды прыходзіць, гэтаму тэатру спатрэбіцца яшчэ гадоў пяцьдзесят, каб ён стаў на ўзровень першай сцэны краіны".

Ігар Сігаў / ruskino.ru

Ігару Сігаву 52 гады. Ён заслужаны артыст Беларусі (2011). З 1994 па 2014 год служыў у Тэатры беларускай драматургіі, з 2014 па 2020 — у трупе Купалаўскага тэатра. Сігаў — папулярны акцёр расійскіх серыялаў, у яго там больш за сто роляў. Ён застаецца запатрабаваны: ужо вядома пра чатыры серыялы з яго удзелам, якія выйдуць ў 2021 годзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі