Хто будзе вучыць беларускіх школьнікаў патрыятызму і ў чым падводныя камяні?

18/08/2021 - 10:21
Савецкі антываенны плакат / Веніямін Брыскін, 1952 год 

З 1 верасня школы павінны будуць узяць на працу кіраўнікоў ваенна-патрыятычнага выхавання — усяго каля дзвюх тысяч ставак, казаў міністр адукацыі Ігар Карпенка.

А дырэктарка адной з беларускіх школ, якая прадставілася Веранікай, расказвае, што дадатковых ставак не вылучылі. І давядзецца пераразмяркоўваць нагрузку, забраўшы яе ў іншых спецыялістаў.

"Вядома, гаворка не пра настаўнікаў — бо ў настаўніка нельга забраць урокі. Забіраць будуць у дэфектолага, псіхолага, педагога-арганізатара, сацыяльнага педагога", — расказала ў гутарцы з Еўрарадыё Вераніка.

Вось толькі фактычная нагрузка на гэтых спецыялістаў не паменшыцца, кажа дырэктарка школы. Бо не паменшыцца колькасць сем'яў СНС, з якімі працуе, напрыклад, сацыяльны педагог. А вось атрымліваць за тую самую працу чалавек будзе менш.

"Вядома, калі ў школе ёсць вакансіі, новую пасаду можна ўводзіць за іх кошт", — дадае Вераніка.

Еўрарадыё не ўдалося атрымаць аператыўны каментар у Міністэрства адукацыі. Як толькі рэдакцыя яго атрымае, мы апублікуем адказ.

 

"Спадзяваліся аддаць нагрузку настаўніку па дапрызыўнай падрыхтоўцы"

Мяркуючы па пераліку вакансій на спецыялізаваных сайтах, школы пачалі турбавацца пра пошук спецыяліста, якому можна было б даверыць ваенна-патрыятычнае выхаванне, літаральна некалькі дзён таму. Напярэдадні выходных з'явілася больш за дзясятак прапаноў працы ў гэтай сферы.

У асноўным такому спецыялісту прапануюць ад 750 да 1000 рублёў пры поўнай занятасці.

Вакансія на адным з сайтаў па пошуку працы / Еўрарадыё

"Думаю, пакуль не выйшаў дакумент [пастанова Саўміна №146. — Еўрарадыё], школы спадзяваліся справіцца самі. Ва ўсіх ёсць настаўнік дапрызыўнай падрыхтоўкі, думалі, яму аддадзім гэтую нагрузку. А аказалася, што ўводзіцца цэлая стаўка [для вялікіх школ з колькасцю навучэнцаў больш за 350 чалавек. — Еўрарадыё]. Чалавек, які вядзе дапрызыўную падрыхтоўку, проста не справіцца з дадатковай нагрузкай на стаўку", — кажа Вераніка.

Вайсковы пенсіянер запасу, які прадставіўся Уладзімірам, на ўмовах ананімнасці расказаў карэспандэнту Еўрарадыё, што сярод вайскоўцаў у адстаўцы дастаткова тых, хто пагодзіцца працаваць з дзецьмі нават бясплатна.

"Нават сярод майго акружэння дастаткова тых, хто пагадзіўся б працаваць на энтузіязме, а гэта ўсё прыстойныя, сумленныя людзі. Проста трэба па-чалавечы звярнуцца — і вайсковыя пенсіянеры дапамогуць. А выхоўваць патрыятызм за грошы — гэта апошняя справа", — падзяліўся суразмоўнік з Еўрарадыё.

 

Не то афіцэр, не то педагог

Спіс патрабаванняў да кандыдатаў даволі супярэчлівы: з аднаго боку, пажадана, каб гэта быў кадравы вайсковец або звольнены ў запас. З іншага боку, у гэтага вайскоўца павінна быць вышэйшая педагагічная адукацыя.

Калі ты афіцэр, але не педагог — павінен прайсці перападрыхтоўку па педагагічнай спецыяльнасці. Калі ты педагог, але не афіцэр, могуць залічыць вучобу на ваенных кафедрах у цывільных ВНУ.

Міністр абароны Віктар Хрэнін ужо прапаноўваў арганізаваць навучанне і падвышэнне кваліфікацыі выкладчыкаў па прадмеце "Дапрызыўная падрыхтоўка" ў школах, прыцягваць кадравых вайскоўцаў да арганізацыі падрыхтоўкі школьнікаў.

Цацачны танк / kingtiger719, Flickr

Дык ці патрэбная педагагічная адукацыя для гэтай пасады?

"У 18 гадоў малады чалавек заканчвае школу. Праз паўгода ў войску воінскаму майстэрству яго будзе вучыць лейтэнант без усялякай педагагічнай адукацыі. Але тады чаму год таму, калі ён яшчэ вучыўся ў школе, з ім не мог займацца падпалкоўнік або маёр у адстаўцы, які адслужыў 30 гадоў і мае вялікі досвед?" — пытаецца Уладзімір.

У пераліку патрабаванняў да кандыдата на гэтую спецыяльнасць на сайтах вакансій пазначана: кадравы вайсковец або вайсковец у запасе. Але наш суразмоўнік лічыць, што па-сапраўднаму зацікавіць такая вакансія можа толькі вайскоўцаў у адстаўцы — тых, хто старэйшы за шэсцьдзясят гадоў.

У запас жа большасць вайскоўцаў ідзе ў 45 гадоў — а ў гэтым узросце яны яшчэ могуць знайсці для сябе больш цікавую працу, кажа Уладзімір.

 

Радзіму любіць вучылі і раней

Патрыятычнае выхаванне ў школах з'явілася не сёлета — дый прыдумалі яго не ў Беларусі.

Вярнуць у школы ваенрукоў хацелі яшчэ два гады таму. Меркавалася, што разам са школьнікамі яны будуць клапаціцца пра ветэранаў, працаваць над добраўпарадкаваннем пахаванняў і воінскіх магіл, навучаць навучэнцаў гісторыі воінскіх часцей і злучэнняў, партызанскіх атрадаў і падпольных груп, якія дзейнічалі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, арганізоўваць тэматычныя паходы.

Але патрыятызму вучылі і без ваенрукоў. Уся выхаваўчая работа ў школах цяпер падзелена на дзевяць напрамкаў, тлумачыць Вераніка. Кожны класны кіраўнік павінен арганізоўваць класныя гадзіны і навучаць правілам этыкету, культуры побыту, расказаць пра гендарную праблематыку. І сярод іншага праводзіць заняткі па ідэалагічным, грамадзянска-патрыятычным выхаванні.

"Дапусцім, як класны кіраўнік, я планую прысвяціць адну класную гадзіну ідэалагічнай рабоце — тады мы з дзецьмі абмяркоўваем публікацыі ў СМІ, навіны. Але і вялікія школьныя мерапрыемствы — Дзень абаронцаў Айчыны, Дзень Канстытуцыі, — усе яны маюць выхаваўчы аспект", — расказвае Вераніка.

Ну і, акрамя таго, урокі гісторыі самі па сабе — дастатковы інструмент патрыятычнага выхавання, лічыць суразмоўніца Еўрарадыё.

Вяртанне ў Чарнігаў Святаслава Яраславіча з дружынай пасля перамогі над полаўцамі ля Сноўска. Полацкі князь Усяслаў Брачыславіч на вялікакняжацкім троне ў Кіеве. Радзівілаўскі летапіс.

"Чаму вучыць гісторыя? Вучыць любіць радзіму, расказвае, што яна ў нас самая цудоўная. А беларуская мова, беларуская літаратура? Практычна ва ўсіх уроках можна знайсці аспекты, праз якія расказваецца пра любоў да радзімы".
 

Што будзе рабіць новы спецыяліст. І калі

Ужо распрацаваная праграма патрыятычнага выхавання, з'явіцца Рэспубліканскі цэнтр патрыятычнага выхавання.

Мяркуецца, што новы спецыяліст будзе праводзіць грамадзянска-патрыятычныя мерапрыемствы, дапамагаць з прафарыентацыяй тым, хто хоча паступаць у вайсковыя ўстановы адукацыі, каардынаваць дапрызыўную падрыхтоўку.

Але ў настаўнікаў узнікае пытанне: калі?

"У дзесяцікласніка — сем урокаў, а потым яшчэ класная гадзіна і факультатыў. На які час паставіць грамадзянска-патрыятычнае мерапрыемства? У многіх школах практыкуюць так: у нас сёння мерапрыемства, так што ў нас будзе сёння не сем урокаў, а пяць. І пасля пяці ўрокаў усе збіраюцца і ідуць у актавую залу. Але ж усё гэта — на шкоду вучэбным прадметам", — разважае Вераніка.

Яна прызнаецца, што не змагла знайсці ніводнага дакумента, у якім выразна тлумачылася б, чым будзе займацца новы спецыяліст 40 гадзін на тыдзень.

"Магчыма, з'явяцца факультатывы. Магчыма, гэты чалавек будзе весці дапрызыўную падрыхтоўку. Магчыма, будзе праводзіць палявыя зборы летам, кансультацыі з вучнямі, якія хочуць паступіць у вайсковыя ўстановы адукацыі. Але колькі такіх вучняў набярэцца?"

Мяркуецца, што спецыяліст павінен мець сувязь з вайсковымі часцямі, каб хлопцы з часці маглі выступаць у класах, а школьнікі — прыязджаць у часць.

"Гэта было б ідэальна, але дзе знайсці такіх спецыялістаў, у якіх былі б наладжаныя адносіны з часцямі?"
 

Што аднаму патрыятызм, іншаму — "Гітлерюгенд"

Каб вам не здавалася, што "патрыятычнае выхаванне" — ноу-хау беларускага рэжыму, раскажам пра гарачыя дэбаты, якія заводзяць у іншых краінах, як толькі нехта ў палітычных вярхах пачынае гаварыць пра патрыятызм.

"Мір дзецям усёй планеты", антываенны плакат / sovposters.ru

Увосень мінулага года прэзідэнт ЗША Дональд Трамп вырашыў, што дзеці любяць краіну яшчэ недастаткова моцна. Ён заклікаў разблытаць "павуцінне хлусні ў нашых школах і класах і навучыць нашых дзяцей цудоўнай праўдзе пра нашу краіну". Ён абвінавачваў дэмакратаў у тым, што прасоўваюць адукацыю, якая прымушае юных амерыканцаў саромецца сваёй краіны. Гаворка, зразумела, пра расавае пытанне.

"Нашу моладзь навучаць любіць Амерыку ўсім сэрцам і ўсёй душой", — абяцаў Трамп.

Слоган выбарчай кампаніі Дональда Трампа — "Зробім Амерыку зноў вялікай" / Newsweek

Яго праціўнікі меркавалі, што такім чынам ён спрабуе выкрасліць з праграмы гісторыю расізму — веды, якія могуць і не выклікаць у вучняў цёплых пачуццяў да краіны, піша NBC.

У Францыі ж некалькі гадоў таму спрачаліся пра гімн. Адзін з дэпутатаў прапанаваў вывешваць сцяг у кожным класе, ад дзіцячага садка да сярэдняй школы. Яго падтрымалі — толькі загадалі вывешваць побач яшчэ і сцяг Еўрасаюза. Тады ж было вырашана размяшчаць у кожным класе тэкст нацыянальнага гімна і нацыянальны лозунг "Свабода! Роўнасць! Братэрства!".

Тады прыхільнікаў гэтых рашэнняў крытыкавалі тымі ж словамі, якімі цяпер крытыкуюць беларускія новаўвядзенні: маўляў, "школы — гэта не вайсковыя казармы".

А самы свежы еўрапейскі прыклад — ініцыятыва міністра адукацыі Вялікабрытаніі Гэвіна Уільямсана. Міністр заклікаў школы праспяваць песню "Адзіная Брытанія, адзіная нацыя", каб адзначыць аднайменнае свята.

У песні расказваецца пра тое, што Брытанія — адна вялікая каманда, якая ніколі не разлучыцца. Уяўляеце, як гэта спадабалася шатландцам і валійцам?

Песню напісалі дзеці адной з пачатковых школ, а само свята прыдумала група дэпутатаў пару гадоў таму. Дырэктары школ адказалі на заклік міністра па-рознаму: у кагосьці ў школе ўзмацніліся антыкаранавірусныя абмежаванні, у кагосьці паўсталі арганізацыйныя цяжкасці, а хтосьці проста сказаў, што ўсё гэта "падобна да прапаганды".

"Калі пакінуць убаку сур'ёзную заклапочанасць тым, што ўсё гэта выглядае як "Гітлерюгенд", — чаму вы заахвочваеце спевы ў школах у час пандэміі, калі ў школах расце колькасць выпадкаў захворвання?" — напісалі міністру ў каментарах у твітары.

Увогуле, калі вы заводзіце размову пра патрыятызм у школах, хутчэй за ўсё, штосьці пойдзе не так. Ёсць, вядома, і ўдалыя прыклады: амерыканскія школьнікі хоць бы раз на месяц — а ў некаторых школах кожны дзень — клянуцца ў вернасці амерыканскаму сцягу. Ёсць два але: па-першае, гэта не абавязкова, па-другое, яны робяць гэта ўжо больш за сто гадоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі