У студзені 2018 Аляксандр Лукашэнка з падачы Міністэрства адукацыі адмяніў уступныя экзамены ў пятыя класы гімназій. Тады ж было заяўлена, што паступаць у школы дзеці будуць выключна па тэрытарыяльнай прыкмеце. Жывеш блізка ад гімназіі — дзіця вучыцца ў гімназіі. Адносіцца твой дом да школы — як бы ні было крыўдна, але дзіця пойдзе ў школу.
Бацькі, якія жывуць далёка ад гімназій, засумавалі. І пачалі шукаць выхад з сітуацыі. Напрыклад, яны прапануюць грошы за магчымасць часова зарэгістраваць дзіця ў доме побач з гімназіяй. Яшчэ адзін шлях — знайсці гімназію, якая ўсё ж прымае вучняў не толькі па прынцыпе рэгістрацыі.
У цэнтры Мінска ёсць некалькі гімназій, вакол якіх шмат адміністрацыйных будынкаў — і не шмат жылых дамоў. Калі прымаць у іх выключна па рэгістрацыі, дык там увогуле не будзе каму вучыцца!
“Не па прапісцы да нас у гімназію трапіць нельга! — на паўслове спыняе Еўрарадыё дырэктарка гімназіі №42. — У нас увесь чацвёрты клас пераходзіць у пяты, таму месцаў не будзе”.
Але адразу знаходзіцца “варыянт”:
— Хіба ў вас у гімназіі будзе толькі адзін пяты клас? — пытаемся мы.
— Гэтага я яшчэ не ведаю, — адказвае дырэктарка. — Прыходзьце ў сераду, пагаворым.
Па серадах прымаюць наведвальнікаў дырэктары большасці мінскіх гімназій. Але наступная серада — гэта 9 траўня, выхадны дзень. Так што, хутка вырашыць пытанне не атрымаецца, давядзецца пачакаць. Але надзея ёсць.
Раён вуліцы Маскоўская забудоўваўся даўно. Дзяцей тут не многа, таму, напрыклад, у гімназіі №41 з 2005 года няма пачатковай школы. Пятыя класы тут фарміруюцца з нуля, сёлета іх будзе два.
“З 14 траўня мы запісваем на прыём да дырэктара на чэрвень, — кажуць у прыёмнай гімназіі. — Потым з’явіцеся ў прызначаны час і напішыце заяву на вольнае месца. Мы набіраем два пятыя класы. Колькі дзяцей да нас прыйдуць па прапісцы, пакуль не ведаем. І як будуць прымацца рашэнні, па якіх крытэрыях браць дзяцей без прапіскі, таксама да канца не ведаем”.
Ці возьмуць дзяцей без рэгістрацыі ў пяты клас гімназіі, будзе вядома толькі пасля 28 жніўня! То бок, трэба напісаць заяву і чакаць. І толькі за тры дні да пачатку навучальнага года даведацца, дзе будзе вучыцца тваё дзіця.
А вось у беларускамоўную гімназію №4 можна трапіць проста цяпер! На сайце навучальнай установы апублікаваная аб’ява, што прымаюцца вучні з 2 па 11 класы: па два-тры ў кожны.
Як будуць вырашаць, каго браць, а каго не? “Хто першы прыйдзе і напіша заяву, у таго больш шансаў”, — адказваюць Еўрарадыё ў гімназіі. Прывітанне, начная чарга, зверка па спісах і вось гэта вось усё, чым чамусьці заканчваюцца шмат якія спробы дзяржавы што-небудзь адрэгуляваць.
У гімназіі №24 кажуць, што дзеці з іншых раёнаў могуць трапіць да іх, калі ў класах будуць вольныя месцы. Але тут сітуацыя крыху іншая: пятых класаў будзе два, але на частку месцаў прэтэндуюць чацверакласнікі, якія ўжо вучацца ў гімназіі.
“За намі замацаваны мікрараён, некаторыя дамы і вуліцы перададзеныя ад іншых школ, — распавядае дырэктарка гімназіі №24 Таццяна Лукша. — Дзеці, не зарэгістраваныя ў раёне, могуць трапіць на вольныя месцы. Па гэтай сістэме сёлета набіраюцца два пятыя класы. Выпускаецца чацвёрты, у якім 38 чалавек. Ёсць 16 вольных месцаў, на якія найперш будуць прэтэндаваць дзеці, зарэгістраваныя ў мікрараёне. А калі застануцца вакантныя месцы, будзем браць іншых дзяцей. Для гэтага бацькам трэба на пачатку чэрвеня падаць заяву. Карціна будзе зразумелай толькі 28 жніўня”.
Паступіць у пяты клас беларускамоўнай гімназіі №23 без прапіскі таксама магчыма.
“У нас сёлета набіраюцца два пятыя класы. Нашы дзеці пераходзцяць з чацвёртых класаў. Але верагоднасць, што знойдуцца вольныя месцы, ёсць. Вам трэба падысці да дырэктара ў сераду 23-га, бо яна сыходзіць ў адпачынак”, — абнадзейваюць у прыёмнай.
Што ў выніку? Уступныя экзамены ў гімназіі ўлады фактычна замянілі двума месяцамі чакання і адсутнасцю ўсякай ўпэўненасці, што дзіця трапіць у лік абраных.
У траўні і ў чэрвені бацькі, якія хочуць, каб іх дзеці вучыліся ў гімназіях, будуць хадзіць на прыёмы да дырэктараў і пісаць заявы. Далей — чакаць да 28 жніўня. На пытанне, як будзе вызначацца, каго з заяўнікаў возьмуць, а каго не, у гімназіях шчыра адказваюць: не ведаем.
“Кожная гімназія сама вырашае, як весці прыём, ім аддадзеныя ўсе паўнамоцтвы, — распавялі Еўрарадыё ў прэс-службе Мінадукацыі. — Набіраюць на вольныя месцы па меры падачы заяў. Магчыма, яны будуць праводзіць нейкія сумоўі, не ведаю. Вырашае гэта адміністрацыя гімназіі”.
Перакладаем з мовы чыноўнікаў на чалавечую мову: як з дырэктарам гімназіі дамовішся, так тваё дзіця туды і паступіць.