Аляксандр Лукашенка сення прызначыў рэктараў у тры беларускія ўніверсітэты: мінскі лінгвістычны, універсітэт культуры ды брэсцкі тэхнічны. Адбылося гэта праз 10 дзён пасля рэзкай крытыкі ў бок кіраўнікоў ВНУ: маўляў, пры іх студэнты пачалі “нядбайна ставіцца да вышэйшай адукацыі”.
Еўрарадыё сабрала асноўныя факты пра новых рэктараў.
Кандыдат філалагічных навук Наталля Лапцева змяніла на пасадзе рэктара Наталлю Баранаву, якая кіравала МДЛУ 25 гадоў. Да прызначэння Лапцева таксама працавала ў лінгвістычным універсітэце — дэканам факультэта нямецкай мовы. Яна не толькі адміністравала факультэт, але і выкладала на ім. Водгукі ад студэнтаў пераважна станоўчыя.
Пасля адлічэння з МДЛУ студэнткі Лізаветы Пракопчык, якая ініцыявала рух “Ха-ха, я тут памру” падчас веснавой пандэміі каранавіруса, Лапцева сказала “Радыё Свабода”, што рэч была толькі ў нездавальняючых выніках навучальнага працэсу.
— Тое, што яна ў гэтым месяцы не была атэставаная па ўсіх дысцыплінах першай замежнай мовы, гэта для нас сур’ёзнае адхіленне, бо з наступнага года нашыя студэнты ідуць на практыку ў школу. І мы б хацелі, каб яны там годна выкладалі нямецкую мову.
Ужо былая першая намесніца міністра культуры Карчэўская выконвала абавязкі рэктара БДУКМ з канца жніўня. Цяпер Лукашенка зацвердзіў яе на гэтай пасадзе.
Намеснікам міністра культуры яна стала ў 2018-м: тады Карчэўская змяніла на пасадзе адыёзную Ірыну Дрыгу. Але ж “карані” яе заўсёды былі ў БДУКМ: яна скончыла харэаграфічны факультэт універсітэта, пасля абараніла кандыдацкую.
Бацька Карчэўскай — адзін з заснавальнікаў беларускага біятлона Уладзімір Карчэўскі. Наталля Карчэўская катаецца на ровары і электрасамакаце, любіць лыжы, а таксама шмат падарожнічае. Цікавіцца яна і модай: напрыклад, носіць сумкі Louis Vuitton.
У інтерв’ю “Минск-Новостям” Карчэўская кажа, што на працы ва ўніверсітэце ніколі не павышае голас:
— Па-першае, гэта непрафесійна, па-другое — прыкмета бяссілля. Праўда, і жалезнай лэдзі сябе не лічу: магу паплакаць сабе ў кутку, калі ніхто не бачыць. Яркія ж эмоцыі зберагаю для лекцый.
Дэпутат Мінгарсавета Аляксандр Бахановіч перайшоў на пасаду рэктара БрДТУ з БНТУ. Там апошнія гады ён быў прарэктарам па навучальнай частцы, а да таго — дэканам аўтатрактарнага факультэта.
Бахановіч скончыў Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут (цяпер — Беларуска-Расійскі ўніверсітэт). Мае ступень докатара тэхнічных навук. Яшчэ падчас працы дэканам АТФ атрымаў падзяку ад Аляксандра Лукашэнкі.
— Я бясконца шаную і ўдзячны кіраўніцтву краіны за тое, што змог рэалізаваць сябе на Радзіме, — кажа Бахановіч у адным з інтерв'ю для сайта “Белай Русі”. У тым жа інтервʼю ён прызнаецца: “Разам — мы сіла! А беларускі народ, наша краіна сваёй шматвяковай гісторыяй заслужылі права жыць годна і прыгожа”.
Бахановіч вядзе старонку ва “УКантакце”, дзе часта публікуе спасылкі на навіны дзяржСМІ. Час ад часу — з уласнымі каментарамі. Напрыклад, да допісу пра выступ Лукашенкі на мітынгу ён дадаў: “Сапраўдны лідар нашай нацыі! Брава!”
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.