Халезін: "Пяты пакет" санкцый Еўрасаюза будзе прыняты на пачатку ліпеня

29/06/2021 - 14:04

"Пяты пакет" санкцый супраць Беларусі будзе прыняты Еўрасаюзам ужо на пачатку ліпеня. Пра гэта піша Мікалай Халезін. Калі гэтая інфармацыя апынецца праўдай (а гэта цалкам верагодна), то "чацвёрты" і "пяты" пакеты санкцый аддзяляюць пару тыдняў.

Ёсць некалькі варыянтаў таго, з чым звязана такая актыўнасць еўрапейскіх палітыкаў, якія амаль паўгода марудзілі з "чацвёртым" пакетам.

Па-першае, гэта дзеянні афіцыйнага Мінска (выхад з "Усходняга партнёрства", скасаванне дамовы аб рэадмісіі, прапанова Дзірку Шубелю выехаць у Брусэль для кансультацый). Гэтыя крокі ўпэўнілі еўрапейцаў у тым, што "меседж" санкцый, уведзеных цяпер, у Палацы Незалежнасці не пачулі.

Па-другое, некаторыя афіцыйныя асобы і прадпрыемствы засталіся па-за санкцыямі праз высілкі лабістаў, а беларускія бізнесоўцы спрабуюць рознымі шляхамі вывесці свае прадпрыемствы з-пад санкцый. Еўрачыноўнікі разлічваюць разабрацца з такімі недарэчнасцямі за найбліжэйшыя тыдні.

Па-трэцяе, "калектыўны Захад" даведаўся пра новых асобаў, адказных за рэпрэсіі ў грамадзянскай супольнасці і яшчэ не ўключаных у блэклісты.

Па-чацвёртае, новыя санкцыі будуць тычыцца і еўрапейскіх бізнесоўцаў, якія працягваюць супрацоўнічаць з беларускімі ўладамі.

"Чацвёрты пакет" пачаў дзейнічаць 21 чэрвеня і закрануў 78 фізічных і восем юрыдычных асоб Беларусі. 25 чэрвеня пад сектаральныя санкцыі Еўрасаюзу трапілі нафтаперапрацоўка, экспарт калійных ўгнаеняў, банкаўская сфера, тытунёвы бізнес і тэхналогіі відэаназірання. 

У адказ на гэта МЗС збіраецца забараніць уезд у Беларусь прадстаўнікам еўраструктур і асобам з краін Еўрапейскага саюза, якія садзейнічалі ўвядзенню абмежавальных мер. А кіраўніку прадстаўніцтва ЕС у Рэспубліцы Беларусь Дзірку Шубелю прапанавана выехаць у Брусэль для кансультацый.

Да таго ж Беларусь прыпыняе ўдзел у ініцыятыве Еўрасаюза "Усходняе партнёрства". Таксама наша краіна пачынае працэдуру прыпынення Пагаднення аб рэадмісіі з ЕС. 

Канцлер Германіі Ангела Меркель паабяцала, што ціск краін Захаду будзе працягвацца да таго часу, "пакуль сітуацыя ў Беларусі не зменіцца".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі