Ці возьмуць вызваленых палітвязняў пад асобны нагляд? Спыталі праваабаронцаў

24/03/2026 - 10:03

Сустрэча палітвязняў у Вільнюсе, Літва, 19.03.2026 / LookByMedia

Вызваленне 19 сакавіка з беларускіх калоній 250 палітвязняў, 235 з якіх засталіся ў Беларусі, справакавала ў праваабарончых колах публічную палеміку. 

Актывісты спрачаюцца, на якіх жа ўмовах кантролю з боку ўлад гэта адбылося: з агульным для ўсіх вызваленых прафілактычным улікам ці з больш жорсткім прэвентыўным наглядам.

Еўрарадыё паразмаўляла з праваабаронцамі, каб разабрацца ў справе.

 

Ад асобных умоў да прапаноў не спяшацца з высновамі

Паводле інфармацыі ініцыятывы “Ружовыя касынкі”, апублікаванай у суботу 21 сакавіка, экс-палітвязням выставілі жорсткія ўмовы знаходжання на волі. 

Сярод іх — забарона на выкарыстанне банкаўскіх картак і SIM-картак, а таксама пагроза паўторнага зняволення за любыя парушэнні, нават нязначныя. Акрамя гэтага, сцвярджаецца, што ў святочныя дні вызваленых могуць змяшчаць у ІЧУ ці СІЗА, а частку жанчын нібыта выпусцілі без пашпартоў.

Сустрэча палітвязняў у Вільнюсе, Літва, 19.03.2026 / Lookbymedia

У сваю чаргу ініцыятыва dissidentby заклікала не распаўсюджваць непацверджаную інфармацыю і падкрэсліла, што вызваленыя яшчэ не сталі на ўлік. 

Яны тлумачаць, што пастаноўка на ўлік — звычайная практыка для ўсіх былых палітвязняў, а забарона на банкаўскія карткі можа быць звязана з уключэннем у “спісы тэрарыстаў” або “экстрэмістаў”, куды часта трапляюць асуджаныя па палітычных справах.

У допісе актывістаў таксама адзначаецца, што пакуль рана казаць пра новыя дадатковыя абмежаванні без аналізу рэальнай практыкі. Дакладна вядома толькі тое, што вызваленым пагражаюць адказнасцю за “паўторныя парушэнні”, некаторым выдалі толькі пашпарты пры выхадзе, а ў дакументах пазначана, што яны вызвалены паводле ўказа аб памілаванні з правам застацца ў Беларусі.

 

“Пакуль няма нейкіх асаблівасцей”

У дадатковым каментарыі Еўрарадыё прадстаўніца dissidentby Марына Касінерава пацвердзіла, што “сітуацыя [з кантролем вызваленых 19 сакавіка палітвязняў] такая ж, як і з любымі іншымі палітвязнямі. У залежнасці ад артыкулаў людзі становяцца на ўлік або знаходзяцца пад наглядам”.

Сустрэча палітвязняў у Вільнюсе, Літва, 19.03.2026 / Lookbymedia

То-бок можна казаць, што кантроль ажыццяўляецца ў выглядзе стандартнага прафуліку, а абмежаванні на фінансавыя аперацыі дзейнічаюць для тых, хто ўнесены ў спіс “тэрарыстаў”.

“Многія ўжо з панядзелка сталі на ўлік (як і ўсе палітвязні, якія выходзяць пасля заканчэння тэрміну або па памілаванні), і ім не паведамлялі ні пра якія дадатковыя абмежаванні.

Гэта значыць пакуль няма нейкіх асаблівасцей, акрамя таго, што ўказваецца ў даведцы, са спасылкай на Указ прэзідэнта № 99 “Аб памілаванні асуджаных” ад 19 сакавіка”, — падкрэсліла Касінерава.

Па словах суразмоўніцы, на дадзены момант для былых палітвязняў у Беларусі і без дадатковага прэвентыўнага нагляду стала дзейнічае шэраг абмежаванняў, прадугледжаны заканадаўствам. 

І невядома, як абскарджваць унясенне ў “экстрэмісцкія” і “тэрарыстычныя” спісы, што вельмі ўскладняе жыццё ў краіне, як з заканадаўчага боку (напрыклад, немагчымасць адкрыць банкаўскі рахунак для людзей са "спіса тэрарыстаў"), так і па факце наяўнасці палітычнага пераследу. 

Напрыклад, немагчымасць уладкавацца на працу, бо не ўсе працадаўцы жадаюць рызыкаваць, а дзесьці гэтай немагчымасці садзейнічаюць і супрацоўнікі розных ведамстваў.

У праваабарончым цэнтры “Вясна” адмовіліся ад асобнага каментарыя адносна сітуацыі, паведаміўшы, што адказ ужо апублікавалі dissidentby, і адзначыўшы, што “яны цалкам маюць рацыю”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі