Гродзенскія мытнікі спынілі ўвоз у Беларусь віна з псіхатропам

24/09/2024 - 08:33

Віно адправілі на экспертызу / @customs_bel

На мяжы з Літвой падчас спробы завезці ў Беларусь было выяўлена віно з раствораным у ім псіхатропам — прэпаратам псеўдаэфедрын. Пра гэта расказалі ў Дзяржаўным мытным камітэце.

Віно везлі ў пластыкавых бутэльках. Мытнікі выявілі яго падчас дагляду аўтамабіля Mercedes у пункце пропуску "Каменны Лог". Усяго было 23 бутэлькі. У машыне ехалі трое грамадзянаў Малдовы і адзін расіянін. Яны заявілі, што ў бутэльках — хатняе малдаўскае віно.

Мытнікі вырашылі адправіць віно на экспертызу. У адной з бутэлек выявілі псеўдаэфедрын — "небяспечнае псіхатропнае рэчыва, дазволенае толькі для кантраляванага абароту", адзначылі ў ДМК. Там таксама дадалі, што пасля высушвання маса асадка прэпарата склала каля 150 г.

Заведзеная крымінальная справа паводле артыкула "Незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў ці аналагаў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі