У палоне ў "ДНР" памёр грамадзянін Вялікабрытаніі Пол Уры, піша РІА Новости са спасылкай на амбудсмена ДНР Дар'ю Марозаву. Пол Уры ваяваў на баку Украіны. Ён трапіў у палон яшчэ ў красавіку. Яго не стала 10 ліпеня.
Расійскія медыі называюць прычынай смерці хранічныя захворванні, у тым ліку дыябет, і “стрэс”. Амбудсмен ДНР настойвае, што палоннаму была аказаная “адпаведная медыцынская дапамога”, а ягоны падаўлены псіхалагічны стан быў выкліканы "абыякавасцю да яго лёсу на радзіме".
"Прадстаўнікі Вялікабрытаніі праігнаравалі нават магчымасць правядзення перамоў пра яго вяртанне ў рамках працэдуры абмену палоннымі. Больш за тое, не падалі патрэбных медычных прэпаратаў па лініі МКЧК", — гаворыцца ў паведамленні "ДНР".
Па словах прадстаўнікоў т.зв. ДНР, брытанцы затрымалі пры спробе прарыва праз блокпост. Па дадзеных некамерцыйнай арганізацыі Presidium Network, ён быў затрыманы на кантрольна-прапускным пункце разам з таварышам брытанцам Дзіланам Хілі. Гэтая арганізацыя сцвярджае, што брытанец працаваў ва Ўкраіне як добраахвотнік "па аказанні гуманітарнай дапамогі". Яе цытуе брытанская The Guardian.
Іншае брытанскае выданне The Independent піша, што ў траўні па расійскім тэлебачанні паказалі кадры з Полам Уры, на якіх ён распавядае, навогта прыехаў ва Украіну. На гэтых кадрах ён крытыкуе брытанскія ўлады і медыя. А таксама кажа, што ездзіў у Ірак, Афганістан і Лівію, "каб дапамагчы рэвалюцыі". Брытанскае выданне цытуе маці памерлага, якая пасля гэтага інтэрв'ю сказала, хто хоць "фізічна гэта мой сын", ён паводзіць сябе нязвыклым чынам.
"Яго словы надта штодзённыя, а выраз твару прымушае мяне не верыць таму, што ён кажа. Звычайна ён гаворыць хутка і па справе. Я ведаю свайго сына, як і любая маці, і гэта ненатуральна для яго".
У красавіку ў палон ДНР трапіла тры замежнікі: два грамадзяніна Вялікабрытаніі і адзін грамадзянін Марокка. Так званы “суд ДНР” вынес у іх адносінах смяротныя выракі. Еўрарадыё распавядала гісторыю аднаго з палонных.
Наўпрост цяпер у палоне знаходзяцца два грамадзяніна Беларусі Ян "Тромблі" Дзюрбейка і Сяргей "Клешч" Дзёгцеў. Яны ўключаныя ў спісы на абмен ваеннапалонных.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут