Глыбоцкі актывіст адмовіўся сам збіраць грошы на рамонт гарадской прыбіральні

13/06/2019 - 11:40

Глыбоцкі актывіст Кастусь Шыталь адмовіўся збіраць грошы на рамонт прыбіральні на аўтавакзале. Распачаць кампанію па зборы сродкаў на новы туалет Шыталю прапанаваў дырэктар Аўтатранспартнага прадпрыемства №16 Уладзімір Пачэпка — пасля таго, як жыхары Глыбокага пачалі збіраць подпісы за яго рамонт.

Цяпер у прыбіральні на аўтавакзале ў Глыбокім дзіркі ў падлозе і няма вады. Раённыя і абласныя чыноўнікі адказалі, што грошай на новы туалет няма, а дырэктар аўтапарка прапанаваў нават пашукаць грошы за мяжой.

Кастусь Шыталь паведаміў, што жыхары Глыбокага, з якімі ён размаўляў, не супраць ахвяраваць грошы на лячэнне дзяцей ці культурныя патрэбы. А вось плаціць за рамонт прыбіральні не будуць, бо гэта павінна рабіць дзяржава:

“Я вывучаў меркаванне знаёмых мне жыхароў горада Глыбокае па дадзеным пытанні і даведаўся, што грамадзяне гатовыя ахвяроўваць грошы на дабрачынныя (напрыклад, лячэнне і рэабілітацыя хворых дзяцей за мяжой), культурныя (напрыклад, набыццё прадметаў, якія маюць гістарычную каштоўнасць для перадачы іх у фонды музеяў), рэлігійныя (напрыклад, будаўніцтва і рамонт культавых збудаванняў) мэты".

Актывіст таксама адмовіўся шукаць грошы на новы туалет у Глыбокім за мяжой, як яму параіў дырэктар аўтапарка.

“Атрыманне спонсарскай дапамогі з-за мяжы рэгулюецца Дэкрэтам прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 5 ад 31 жніўня 2015 года “Аб аказанні замежнай спонсарскай дапамогі” і адбываецца з дазволу дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Мне падаецца малаімаверным, што мне, як фізічнай асобе, можа быць выдадзены такі дазвол”.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі