Глеб лічыць, што сітуацыя з каранавірусам у Беларусі знаходзіцца пад кантролем

24/03/2020 - 18:30

Самы вядомы беларускі футбаліст XXI стагоддзя Аляксандр Глеб, які ўжо скончыў кар'еру прафесійнага гульца, выказаўся наконт інтэрпрэтацыі яго інтэрв'ю брытанскаму выданню The Sun. Беларускі футбольны чэмпіянат — адзіны ў Еўропе, які не спынены. Журналісты, спрабуючы высветліць, у чым прычына такога феномена, звярнулася да Глеба, вядомага па выступленнях за лонданскі "Арсенал". І Аляксандр ім усё патлумачыў: сам ён у самаізаляцыі, а ўлады відаць чакаюць, "што будзе далей з вірусам". Праўда, у шматлікіх перадруках на першы план выйшла такая фраза: "Але ў Беларусі ўсім усё роўна. Гэта неверагодна".

Аляксандр Глеб у Instagram напісаў вялікі тэкст, у якім абураецца паводзінамі журналістаў з шэрагу беларускіх і расійскіх парталаў, якія "дзеля гучных загалоўкаў гатовы пайсці на скажэнне сэнсу ўсяго інтэрв'ю".

"У інтэрв'ю я сказаў, што раз Адміністрацыя прэзідэнта не бачыць рэальнай неабходнасці сыходзіць краіне на каранцін — значыць, сітуацыя знаходзіцца пад кантролем, — піша Глеб. — Я супраць нейкай панікі".

Аляксандр Глеб піша, што сярод футбалістаў, якія цяпер гуляюць у чэмпіянаце Беларусі, мноства яго знаёмых. Ён перакананы, што "калі з'явіцца рэальная пагроза іх здароўю, здароўю гледачоў... матчы спыняцца".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі