Генпракуратура пагражае ўсім, хто "падыме руку на праваахоўніка"

24/09/2024 - 16:51

Справа параненыя ў Магілёве супрацоўнікі ГУБАЗіК / Кадр з відэа

Генпракуратура РБ прыняла да вытворчасці крымінальную справу аб нападзе ў Магілёве на двух супрацоўнікаў ГУБАЗіКа. У панядзелак яны хацелі правесці на вуліцы "прафілактычную гутарку" з "датычным да экстрэмісцкай дзейнасці" мясцовым жыхаром, але мужчына аказаў супраціўленне і параніў іх нажом. Прадстаўнік Генпракуратуры паведаміў, што адзін сілавік атрымаў два ўдары, другі — пяць, "у тым ліку ў вобласць грудной клеткі". Яны шпіталізаваныя.

У Генпракуратуры сцвярджаюць, што затрыманы магілёвец ад дачы паказанняў адмовіўся. Яго прозвішча не называецца, але вядома, што гэта 62-гадовы Аляксандр Кандрычын. "Так атрымалася", — патлумачыў ён на ўчорашнім відэа сілавікоў свае дзеянні.

З паведамлення вынікае, што ў мужчыны забралі "малакаліберны пісталет з 46 патронамі да яго". Сам ён пасля затрымання назваў яго "самаробным". Таксама сілавікі забралі дзясятак нажоў, камп'ютарную тэхніку. Напярэдадні МУС паведамляў пра знойдзеныя на кватэры Кандрычына "дапаможнік па вырабе выбуховых рэчываў, "экстрэмісцкую літаратуру" і кнігі па псіхалогіі".

"Усім, хто настроены на супрацьпраўны лад, а тым больш падыме руку на праваахоўніка, нагадваем пра рэальнае дзеянне прынцыпу няўхільнасці адказнасці", — пагражае начальнік упраўлення Генпракуратуры Валерый Талкачоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі