Рэжым Лукашэнкі ануляваў пашпарт экс-палітвязня Уладзіміра Лабковіча

01/04/2026 - 16:23

Уладзімір Лабковіч / LookbyMedia

Рэжым Лукашэнкі прызнаў "нядзейсным" пашпарт праваабаронцы і былога палітвязня Уладзіміра Лабковіча.

Дакумент анулявалі нягледзячы на тое, што ён быў сапраўдны да 2027 года, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".

Пра тое, што беларускія ўлады анулююць пашпарты экс-палітвязняў, дэпартаваных з краіны, стала вядома некалькі дзён таму.

Лабковіча вызвалілі з калоніі 13 снежня 2025 года і прымусова вывезлі ва Украіну. Пры дэпартацыі яму так і не вярнулі пашпарт, выдаўшы замест яго толькі даведку без тэрміну дзеяння.

Сам праваабаронца ацэньвае гэтае рашэнне як чарговы доказ злачынстваў рэжыму: "Відавочна, што гэта працяг рэпрэсій і незаконных дзеянняў уладаў Беларусі — нават калі зыходзіць з іх уласнага заканадаўства. Гэта фармальнае афармленне прымусовай дэпартацыі. Такія крокі яшчэ больш абгрунтоўваюць базу для працэсу ў Міжнародным крымінальным судзе па факце незаконнай дэпартацыі палітвязняў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі