МЗС Літвы пацвердзіла, што ў Беларусі літоўца асудзілі на 15 гадоў

01/04/2026 - 17:40

Міраславас Троцкіс / фота з яго акаўнту ў Фэйсбуку

Міністэрства замежных спраў Літвы пацвердзіла, што ў Беларусі да 15 гадоў зняволення асудзілі грамадзяніна Літвы Міраславаса Троцкіса. Інфармацыя пра гэта зявілася напярэдадні ў беларускіх СМІ.

"Мы можам пацвердзіць, што гэты грамадзянін Літоўскай Рэспублікі затрыманы і ўтрымліваецца ў зняволенні ў Рэспубліцы Беларусь. Літоўская амбасада ў Мінску была паведамленая пра яго затрыманне, консул наведваў гэтага чалавека, падтрымліваецца пастаянная сувязь са сваякамі. Дадатковую інфармацыю падаць немагчыма ў сувязі з абаронай персанальных звестак",перадае LRT каментар МЗС.

Таксама ў МЗС падкрэслілі, што ўжо не першы год рэкамендуюць грамадзянам Літвы не наведваць Беларусь.

Як паведамлялася, 35-гадовы грамадзянін Літвы Міраславас Троцкіс увосень 2024-га паехаў у Беларусь наведаць сваякоў. Там яго затрымалі абвінавацілі ў шпіянажы і асудзілі на 15 гадоў зняволення.

Троцкіс — жыхар Вільні. Па яго пастах у Фэйсбуку відаць, што ён альбо жанаты, альбо заручаны з беларускай грамадзянкай. Таксама ў яго ў Беларусі ёсць сваякі, і з юнацтва ён часта ездзіў у нашу краіну.

Прысуд яму вынесля 11 сакавіка 2026 года. Паводле звестак беларускіх праваабаронцаў, мужчыну судзілі паводле артыкулаў 358 (шпіянаж) і 358-1 (агентурная дзейнасць) Крымінальнага кодэкса Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі