Еўрадэпутаты хочуць зрабіць плату за шэнгенскую візу для беларусаў сімвалічнай

01/04/2021 - 19:50

20 дэпутатаў Еўрапарламента заклікаюць Еўракамісію знізіць візавы збор за шэнгенскую візу для беларусаў. Адпаведны ліст яны накіравалі камісару ў еўрапейскай палітыцы суседства і перамоваў аб пашырэнні Оліверу Вархею, паведамляе БелаПАН.

Еўрадэпутаты звяртаюць увагу на тое, што візавы збор у 35 еўра — занадта вялікі для беларускіх заробкаў. 

"Збор у 35 еўра за апрацоўку візавай заявы для беларускага народа пры мінімальным заробку менш за 200 еўра — гэта выклік. Гэтую нашу перакананасць яшчэ больш умацавалі цяперашнія абставіны, якія ўключаюць у сябе жорсткасць і пераслед з боку рэжыму Лукашэнкі, што ў многіх выпадках прыводзіць да спынення працоўных стасункаў, адлічэнняў студэнтаў з навучальных устаноў і накладанню вялікіх штрафаў або нават турэмнага зняволення за падтрымку дэмакратычных пратэстаў. Існуючы візавы збор ЕС для беларусаў, якія імкнуцца захаваць свае сувязі з ЕС, занадта высокі і павінен быць зніжаны да сімвалічнай сумы", — перакананыя яны.

У лісце гаворыцца, што грамадзяне Беларусі ў 2018-2019 гадах атрымлівалі найбольшую колькасць візаў на душу насельніцтва ў параўнанні з грамадзянамі іншых краін Усходняга партнёрства. Але апошнія два тры гады гэтая колькасць скарачаецца. У сувязі з пандэміяй COVID-19, праз якую зачыняюцца межы, прагнозы на будучыню выглядаюць не вельмі аптымістычна. 

"Мы просім вас звярнуць увагу на рызыку зніжэння міжасобасных кантактаў і прыняць актыўныя меры па падтрыманні і ўмацаванні эканамічных, культурных і навуковых сувязей беларускага народа з грамадзянамі краін ЕС. Зніжэнне візавага збору да сімвалічнай сумы ў святле пагаршэння ўзроўню жыцця ў Беларусі стала б моцным сігналам падтрымкі Еўрапейскім Саюзам беларускага народа ў яго барацьбе за дэмакратыю. Гэта таксама дало б адпор прапагандзе рэжыму Лукашэнкі супраць ЕС", — пішуць еўрадэпутаты.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі