Падарожнік, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
У Еўрасаюзе сталі часова прыпыняць біяметрычныя праверкі ў аэрапортах ды іншых пунктах ўезду ў Шэнгенскую зону. Выявілася, што пры новай памежнай сістэма ЕС могуць утварацца празмерна доўгія чэргі. У такім разе падарожнікаў могуць прапускаць без сканавання твару і зняцця адбіткаў пальцаў, піша Politico.
Гаворка ідзе пра сістэму ўезду і выезду Entry / Exit System, або EES. Праз гэтую сістэму праходзяць грамадзяне краін, якія не ўваходзяць у ЕС, калі яны прыязджаюць на кароткі тэрмін у дзяржавы Шэнгенскай зоны.
Новыя правілы патрабуюць, каб падарожнік замест штампа ў пашпарце зарэгістраваўся ў спецыяльным тэрмінале, зрабіў фатаграфію і здаў адбіткі пальцаў. Гэтыя звесткі захоўваюцца ў сістэме тры гады. Потым чалавек праходзіць праз аўтаматычную брамку ці паказвае дакументы памежніку.
Сістэма запрацавала ў поўным аб'ёме 10 красавіка 2026-га. Яе галоўнай задачай называлі ўлік уезду і выезду замежнікаў, выяўленне тых, хто перавышае дазволены тэрмін знаходжання, і змаганне з падробкай дакументаў.
Аднак ужо летам у аэрапортах сталі фіксаваць вялікія чэргі. Праз гэта сістэму пачалі адключаць у аэрапортах Парыжа, Амстэрдама, Франкфурта, Бруселя і Мілана.
Еўракамісія дазволіла да 6 верасня часова не збіраць біяметрычныя звесткі ў тых выпадках, калі пункты пропуску не спраўляюцца з нагрузкай. Гэтае правіла дзейнічае не толькі ў аэрапортах, але і ў марскіх партах, на чыгуначных вакзалах і аўтамабільных межах. Пры гэтым даныя пашпартоў і звесткі пра паездку ўсё адно неабходна ўносіць у EES.
Восем краін ЕС і Швейцарыя прапануюць, каб біяметрычную рэгістрацыю можна было адключаць і пасля 6 верасня. Яны мяркуюць, што цяперашняя інфраструктура ў перыяды пікавай нагрузкі не зможа абслужыць усіх пасажыраў пры строгім выкананні ўсіх патрабаванняў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут