"Энергаатам": дзве расійскія ракеты праляцелі над Запарожскай АЭС

26/04/2022 - 08:01

Раніцай 26 красавіка (у 6:41 і 6:46) дзве расійскія крылатыя ракеты праляцелі над Запарожскай АЭС у накірунку Запарожжа (там пасля былі зафіксаваны выбухі). Украінскі "Энергаатам" называе гэта "ядзерным тэрарызмам з боку Расіі". І ён узмацняецца.

"Пралёт ракет на нізкай вышыні непасрэдна над пляцоўкай ЗАЭС, дзе размешчана 7 ядзерных установак з вялікай колькасцю ядзернага матэрыялу, стварае велізарныя рызыкі, — гаворыцца ў заяве. — Бо ракеты могуць трапіць у адну або некалькі ядзерных установак, што пагражае ядзернай і радыяцыйнай катастрофай усяму свету".

Запарожская АЭС — найбуйнейшая ў Еўропе. Яна была захоплена расійскімі войскамі 4 сакавіка 2022-га і дагэтуль імі ўтрымліваецца. Але гэтая станцыя працягвае працаваць у энергасістэме Украіны.

Раней "Энергаатам" паведамляў, што 16 красавіка тры расійскія ракеты прайшлі над Паўднёва-Украінскай атамнай станцыяй (Мікалаеўская вобласць). Меркавалася, што яны былі запушчаны з тэрыторыі Беларусі. Гэтую акцыю назвалі "ядзерным тэрарызмам".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі