Два фермеры, 135 гектараў зямлі, 1 млн літраў малака ў год. Гэта магчыма?

26/09/2019 - 11:38
Цяля пароды Лімузін на французскай ферме / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

Як двум фермерам амаль без наёмных работнікаў удаецца апрацоўваць больш за 100 гектараў зямлі? Колькі яны зарабляюць і ці паспяваюць адпачываць? Ці можна палепшыць якасць малака толькі за кошт кармоў? Дзякуючы Французскай федэрацыі вытворцаў насення кукурузы і сорга (FNPSMS) Еўрарадыё пабывала ў французскай мяса-малочнай Меццы — рэгіёне Брэтань — і параўнала ўбачанае там з беларускай "малочкай".

Першы прыпынак у нас быў на ферме Maxent пад Рэнам.

Філіп Гарнье

У Філіпа Гарнье і яго жонкі Стэфані дзве фермы. У кожнага свая, але працуюць яны разам. Проста ў свой час з-за дзяржаўных квот на вытворчасць малака ім было больш выгадна стварыць дзве маленькія фермы, а не адну вялікую. На дваіх — 135 гектараў зямлі: 52 гектары адведзена пад сіласную кукурузу, астатняе — пад пашы і іншыя збожжавыя.

Каровы пароды Лімузін на ферме Філіпа Гарнье

У Філіпа 60 кароў пароды Лімузін. У 2018 годзе яны далі яму 525 тысяч літраў малака. Прадукцыйнасць — 8 750 літраў з каровы ў год. З абедзвюх фермаў Філіп з жонкай атрымалі каля 1 млн літраў, сярэдняя прадукцыйнасць адной каровы — каля 8 тысяч літраў у год. На фермах працуюць толькі яны ўдваіх плюс адзін наёмны падсобнік на паўстаўкі. Часам звяртаюцца да дапамогі сезонных рабочых.

Для параўнання: паводле звестак Белстата, у 2018 годзе прадукцыйнасць адной каровы ў Беларусі складала 5 тысяч літраў у год. Толькі ў Гродзенскім раёне прадукцыйнасць амаль дасягнула 8 тысяч літраў (7923). Больш за 7 тысяч літраў ад адной каровы за 2018 год надаілі ў Брэсцкім, Бераставіцкім, Дзяржынскім, Нясвіжскім і Смалявіцкім раёнах. І ўсё. Цікава, што беларускія фермеры атрымлівалі менш малака з каровы, чым госы, аж да мінулага года.

Закупачная цана малака, па словах Філіпа, складае 340 еўра за 1000 літраў. Яна расце ў год на 1%, але выдаткі на вытворчасць павялічваюцца на 5-7% (рабочая сіла, паліва, паслугі і інш.). Каб падтрымліваць ферму на плаве, прыходзіцца больш вырабляць.

У планах Філіпа і Стэфані падвоіць вытворчасць малака да 2020 года. Для гэтага яны будуюць у крэдыт пад 2% у год новую даільную залу, якая абыдзецца прыкладна ў 500 тысяч еўра. Уся сельгастэхніка ва ўласнасці фермера, а не арандуецца. Хоць ёсць і такія фермеры, якія тэхніку бяруць у арэнду альбо купляюць у складчыну на некалькі гаспадарак.

У Беларусі крэдыты на развіццё асабістых падсобных гаспадарак выдае "Белаграпрамбанк". Стаўка 5%. Атрымаць крэдыт на тэрмін да 5 гадоў можна на набыццё: сельскагаспадарчых жывёл і пчол; пасадачнага матэрыялу пладовых і ягадных раслін; абсталявання па перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі; парнікоў і цяпліц; на развіццё інфраструктуры. На тэрмін да 7 гадоў выдаюць крэдыты на куплю сельгастэхнікі, але толькі беларускай вытворчасці. Па крэдытах на інвестыцыйную дзейнасць стаўка можа даходзіць да 10%.

Колькі ж зарабляе французскі фермер? Паводле слоў Філіпа, пасля выплаты ўсіх падаткаў і выплат па крэдытах чыстымі ў яго застаецца на жыццё ад 1000 да 1500 еўра ў месяц. Не так і шмат, гэта на ўзроўні мінімальнай зарплаты ў Францыі. Але Філіп не скардзіцца на недахоп фінансаў.

Параўнанне кукурузы, вырашчанай па розных методыках

Як можна фермерам павялічыць свае даходы? Па словах прадстаўніка FNPSMS Ганны Калакоўскай, цяпер у Францыі выгадна займацца не проста вытворчасцю малака, але і яго перапрацоўкай. На гатовыя прадукты проста з фермы ёсць вялікі попыт, няхай гэта будуць малочныя прадукты, мяса, агародніна ці садавіна.

Ганна Калакоўска

Якія яшчэ ёсць спосабы зарабляць больш? Напрыклад, вырошчваючы насенне кукурузы. Высокая прадукцыйнасць французскіх кароў дасягаецца за кошт кармоў, у тым ліку кукурузы. Францыя — першы ў Еўропе вытворца і першы ў свеце экспарцёр насення кукурузы. Пастаяннае сортаабнаўленне і дасягненні ў галіне генетыкі раслін дазволілі дабіцца за апошнія 50 гадоў росту ўраджайнасці на 1–1,5 цэнтнера з гектара ў год. Зараз ураджайнасць збожжавай кукурузы, напрыклад з насення кампаніі Limagrain, складае 90–95 ц/га (у Беларусі летась ураджайнасць кукурузы на збожжа была на ўзроўні 84 ц/га).

Фермер Дамінік Патру з Сэн-Мацюрэна расказвае, што 29 з 100 гектараў сваёй зямлі ён адводзіць пад вырошчванне гібрыднага насення кукурузы для Limagrain. Гэта найбуйнейшы ў Францыі вытворца і экспарцёр гібрыднага насення кукурузы. Кантракт дае Дамініку гарантаваны даход у залежнасці ад ўраджаю і якасці збожжа на насенне. Плюс ён вырошчвае на сваёй зямлі шматгадовыя травы і іншыя культуры, як збожжавыя, так і, напрыклад, цыбулю.

Дамінік Патрю са сваім суседам-фермерам

Па словах Дамініка, у месяц ён у сярэднім мае чыстымі 2000–2200 еўра. Асноўную частку прыбытку ён атрымлівае ад агародніны, а насенне кукурузы для яго — нешта накшталт падушкі бяспекі, якая дазваляе адчуваць сябе больш упэўнена. Астатнія даходы ад фермерскай гаспадаркі, акрамя "зарплаты", ідуць на абслугоўванне крэдытаў і на развіццё.

Сямянная кукуруза

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі