У Беларусі за рэпост з "экстрэмісцкага" рэсурсу пачалі крымінальную справу

06/05/2024 - 21:01

Здаецца, гэта першы такі выпадак / sb.by

У Беларусі за рэпост навіны з рэсурсу, прызнанага ў РБ "экстрэмісцкім фармаваннем", пачалі крымінальную справу. Пра гэта ў панядзелак паведаміў тг-канал ГУБАЗіК. Здаецца, гэта першы такі выпадак. Дагэтуль за такое "правапарушэнне" распачыналі толькі адміністрацыйныя справы.

Цяпер жа "хапіла адзінай перасылкі ў публічныя чаты навіны, раней апублікаванай экстрэмісцкім фарміраваннем", каб распачаць крымінальную справу па ч. 2 арт.361-4 КК Беларусі. Гэта "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, учыненыя паўторна, альбо групай асоб па папярэдняй змове, альбо службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў".

У ГУБАЗіК адзначаюць, што "такая... практыка будзе пастаўлена на паток і падобныя наўмысныя дзеянні будуць строга карацца". Відаць, сілавікі стаміліся змагацца з "экстрэмізмам" беларусаў і спрабуюць пераламіць сітуацыю праз увядзенне больш жорсткай адказнасці.

Што да апублікаванага ГУБАЗіК скану з фрагментам пастановы аб завядзенні крымінальнай справы, то гаворка ідзе пра 38-гадовага гродзенца Дзяніса Чашчавіка. Яго збіраюцца судзіць завочна ў межах "спецыяльнай вытворчасці". 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі