Для акліматызацыі ў Рыа Ціхан і Арзамасава мусяць пратрымацца без сну 18 гадзін

01/08/2016 - 15:12

Амаль усе беларускія лёгкаатлеты апынуцца ў Бразіліі ўсяго за два-тры дні да сваіх стартаў. Пры гэтым яны не будуць праходзіць акліматызацыю. 

“Галоўнае — не заснуць цягам першага дня пасля прылёту. І назаўтра ўсё адразу стане на свае месцы”, — тлумачыць дырэктар РЦАП па лёгкай атлетыцы Васіль Іванюк, як нашым алімпійцам не трапіць у “функцыянальную яму”.

РНПЦ спорту падрыхтавала для нашых спартсменаў “Рэкамендацыі” для адаптацыі ў Рыа. Напрыклад, малатабоец Іван Ціхан вылеціць у Бразілію 14 жніўня (за трое сутак да свайго кваліфікацыйнага адбору). За некалькі дзён да пасадкі ў самалёт яму рэкамендуюць цалкам адмовіцца ад алкаголю, кавы, гарбаты і газіроўкі. Таксама атлету раяць загадзя перавесці гадзіннік на бразільскі час і, што вельмі важна, добра выспацца перад вылетам. У самалёце малатабойцу варта паспаць, скарыстаўшы бірушы, павязку на вочы, падушку і плед. Не атрымліваецца спаць увесь час — глядзі фільмы і слухай музыку. 

Далей — самае важнае. Прыляцеўшы а пятай раніцы, трэба пратрымацца хаця б да наступлення цемры (18.30 па бразільскім часе) і легчы не пазней за 20.00.  Дзённы сон у Рыа для Ціхана — супрацьпаказны. Спаць у светлы час можна толькі з трэцяга дня знаходжання ў Бразіліі, але якраз на трэці дзень у малатабойца распачнуцца спаборніцтвы. 

Праз такую ж адаптацыю пройдуць Арзамасава, Кудзеліч, Халадовіч і іншыя лідары лёгкаатлетычнай зборнай. Толькі Аліна Талай вырашыла прыляцець у Рыа за два тыдні да старту.

“Такім чынам, лёгкаатлет прылятае, праз дзень-два выступае і вяртаецца на Радзіму. У “яму” ён трапіць не паспявае, бо гэта здараецца дзесьці на пяты дзень”, — кажа Васіль Іванюк.

Падчас Алімпіяды-2012 у Лондане скакуха ў даўжыню Настасся Мірончык-Іванова скардзілася на тое, што так і не змагла набраць аптымальныя абароты, бо пралічылася з часам спаборніцтваў: трэніравалася ўдзень, а скакаць давялося ўвечары. 

Дзе беларускія лёгкаатлеты рыхтуюцца да Алімпіяды

Да таго ж часта з-за хвалявання, шуму ці нязручных ложкаў спартсмены папросту не могуць заснуць на новым месцы і выходзяць на старт “з ватнымі нагамі і туманам у галаве”. 

Каб вырашаць такія праблемы, у Рыа загадзя прыехала наша медыцынская група.

“Там і мануальны тэрапеўт, і масажысты, і ўрачы каманд. Калі спарстмен своечасова папярэдзіць медыцынскую групу аб праблемах, яму аператыўна дапамогуць. Проста не варта маўчаць і трымаць усё ў сабе”, — раіць вучоны сакратар РНПЦ спорту, кандыдат біялагічных навук Наталля Іванчыкава

Беларускія баскетбалісткі ўжо пратэсцілі і сфатаграфавалі абсталяванне, якое прывезлі з сабой нашы медыкі. Працэдура называецца прэсатэрапія, а апарат — лімфамат. Ён паляпшае кровазварот, абмен рэчываў і спрыяе лепшаму ўзнаўленню. 

Баскетбалісткі Леўчанка і Сныціна дэманструюць, як выглядаюць працэдуры на лімфаматах

Каб трапіць у Рыа на лімфамат, беларускія алімпійцы запісваліся ў чаргу за некалькі тыдняў. Медыкі разлічваюць, што названы апарат, лазерная тэрапія і іншыя працэдуры дапамогуць беларускім алімпійцам пазбегнуць праблем з акліматызацыяй.

Дарэчы, у відах спорту, дзе спаборніцтвы расцягнутыя на тыдні, алімпійцы ўсё ж павінны прылятаць загадзя. Напрыклад, нашыя баскетбалісткі знаходзяцца ў Рыа ўжо больш за тыдзень, весляры — чатыры дні, баксёры — тры дні. У дарозе ў Бразілію — гульцы ў пінг-понг.

 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі