Дэпартамент па авіяцыі Беларусі: СБУ не мусіла вяртаць самалёт "Белавія"

24/10/2016 - 11:15

Служба бяспекі Украіны патлумачыла, чаму вярнула беларускі "Боінг" у кіеўскі аэрапорт "Жуляны". "Мы папрасілі вярнуць самалёт, бо мелі абгрунтаваныя падазрэнні. Гэта датычыцца бяспекі, гэта — нармальная сусветная практыка", — распавяла спікер СБУ Алена Гітлянская ў інтэрв'ю сайту "Апостраф".

Раней Гітлянская пісала, што ў СБУ была інфармацыя пра замежнага грамадзяніна, які, магчыма, уяўляў пагрозу нацыянальнай бяспецы Украіны. "На момант, калі было атрыманае гэтае паведамленне, замежнік ужо знаходзіўся на борце авіякампаніі "Белавія", што рыхтаваўся выканаць рэйс у Мінск", — дадала спікер Службы бяспекі Украіны.

У беларускім Дэпартаменце па авіяцыі сітуацыю нармальнай не лічаць.

"Яны мусілі затрымаць гэтага чалавека падчас рэгістрацыі і пасадкі. А не вяртаць самалёт, — распавёў Еўрарадыё начальнік аддзела авіяцыйнай бяспекі Дэпартамента па авіяцыі Юрый Касцюкевіч— Кампанія панесла страты. Акрамя таго — маральныя страты. І экіпаж, і пасажыры".

Ці будзе ведамства прымаць удзел у вырашэнні канфлікта, Юрый Іванавіч не ўдакладніў.

"Пакуль што магу сказаць адно: у адпаведнасці з Канвенцыяй аб [міжнароднай] грамадзянскай авіяцыі ICAO [Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі — спецыялізаваная ўстанова ААН. — Заўв. Еўрарадыё] наш экіпаж паступіў правільна. Ён дакладна выканаў каманду дыспетчара Украіны. Развярнуўся і выканаў пасадку ў аэрапорце Кіева", — распавёў сп. Касцюкевіч.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі