Дастаць ката, сабраць паперы, галасаваць: прайшлі гульню БРСМ пра выбары (10/10)

31/10/2019 - 10:27
Скрыншот "Галасую The Game"

БРСМ падрыхтаваўся да будучай палітычнай вакханаліі не толькі праграмай "Галасую", але і нечакана парадаваў мабільнай гульнёй "Галасую The Game". У якім стане беларуская гульнявая індустрыя і ці зможа яна пацясніць такія хіты, як Angry Birds і "2048"? Давайце разам пройдзем гэтую кароткую, але вострасацыяльную гульню. Пакуль яна даступная толькі на Android, але мы верым у хуткі выхад у AppStore.

З самага пачатку меню нам дае цэлыя два варыянты: гуляць ці адразу выйсці. Вядома ж, будзем гуляць.

Мы прачынаемся ў дзень галасавання ў выдатна намаляваным свеце з узрушальнай дэталізацыяй акружэння. Побач з камп'ютарам бяром пашпарт і ідзём на кухню.

Там снедаем малаком і шматкамі, праходзячы міма пліты Gefest і халадзільніка Atlant. Спадзяёмся, што распрацоўшчыкі змогуць адбіць выдаткі на распрацоўку ўжо на продакт-плэйсменце. Акрамя таго, хутчэй за ўсё, гэта першая (і спадзяёмся, не апошняя) згадка ў гульнях такіх вялікіх беларускіх брэндаў.

Праходзім у гасцёўню і падбіраем першую шкарпэтку. Птушачку карміць не трэба.

У гардэробнай надзяваем другую шкарпэтку і спрабуем выйсці.

Гульня нам клапатліва нагадвае, што трэба не забыць куртку. Дзякуй!

Шкада толькі, што на мадэлі персанажа куртка не адлюстроўваецца. Спадзяёмся, гэта пафіксяць у найбліжэйшых патчах!

Выходзім з шыкоўнага асабняка (Дразды? Вуліца Язмінавая?) і ідзём выконваць свой абавязак.

Але дарога да выбарнага ўчастка не такая простая. Нас сустракае будаўнік, які страціў саджанец. Дапамагаем рабацягу знайсці патрэбную рэч, скачучы па бетонных блоках. Яны могуць разбіцца, акурат як у гульнях серыі "Марыа".

Мы спраўляемся з гэтай няпростай задачай (нягледзячы на не самае зручнае кіраванне) і ідзём далей.

Побач з Нацыянальнай бібліятэкай (усё-ткі асабняк на Язмінавай!) нас сустракае мужчына, чый кот залез на дрэва. Невялікая галаваломка — і кот выратаваны!

Зноў адсылка да "Марыа"! Пераскокваем перашкоду і спадзяёмся, што наша прынцэса (бюлетэнь) да вечара апынецца ў выбарчай урне.

Але дзе там! Каля Парка высокіх тэхналогій сустракаем дзелавога чалавека, якому няма часу збіраць паперы, якія разляцеліся.

Дапамагаем занятаму бізнесмену сабраць дакументы. За гэта ён нас запрашае на сумоўе ў ПВТ. Калі вы будзеце хадзіць на выбары, то атрымаеце шанц уладкавацца на добрую працу. Выдатны пасыл, гульня!

Мы прыходзім на ўчастак, і нас там сустракае дзяўчына з выбарчай камісіі, якая чымсьці нагадвае ўладальніцу тытула "Міс Беларусь — 2018" (гульню распрацаваў БРСМ, ён жа дапамагаў Марыі Васілевіч збіраць подпісы — мілая пасхалка). Прыгажуня ўручае нам доўгачаканы бюлетэнь.

Праходзім да кабінкак, дзе сустракаем усіх персанажаў гульні, якія рыхтуюцца прагаласаваць.

І атрымліваем падарунак. Што ж у ім?

Прапанова прайсці гэтую выдатную гульню яшчэ раз! Абавязкова скарыстаемся гэтай цудоўнай магчымасцю бліжэй да 17 лістапада.

Бонус: скрыншот водгукаў у Google Play.

 

To see this content visit the full version of this page.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі