Дактары: эпідэмія кавіду ва Ушацкім раёне развіваецца ў геаметрычнай прагрэсіі

24/08/2021 - 07:23

Успышка эпідэміі COVID-19 зафіксаваная ва Ушацкім раёне Віцебскай вобласці. Некалькі тыдняў таму ў раёне фіксавалі адзінкавыя выпадкі заражэння, а цяпер іх колькасць павялічваецца ў геаметрычнай прагрэсіі — у 2-3 разы. Пра гэта мясцовай газеце "Патрыёт" расказаў галоўны санітарны лекар раёна Павел Саўчанка

Па яго словах, Ушацкі раён увайшоў у пяцёрку лідараў Віцебскай вобласці па колькасці тых, хто захварэў на COVID-19. На мінулым тыдні ад гэтай хваробы памерлі некалькі жыхароў раёна, хаця ўсе яны былі шпіталізаваныя. Саўчанка ўдакладніў, што амаль усе памерлыя былі пенсіянерамі ці мелі хранічныя захворванні.

Таксама ў раёне зафіксаваныя два выпадкі, калі на COVID-19 захварэлі людзі, якія атрымалі прышчэпку ад яго. У абодвух выпадках заражэнне адбылося да таго, як выпрацаваўся ўстойлівы імунітэт — да 42 дзён пасля другой дозы вакцыны. 

У Пастаўскім раёне таксама фіксуюць рост колькасці хворых на каранавірус. Аддзяленні райбальніцы там зноў перапрафілююць пад "кавідныя". Спярша пад хворых на COVID-19 прызначылі 5 ложкаў у рэанімацыі, а пазней — яшчэ 15 ложкаў у інфекцыйным аддзяленні, піша газета "Пастаўскі край".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі