Ці памесцяцца 25 тысяч чалавек на свяце #БНР100 перад Оперным тэатрам?

22/03/2018 - 11:11

25 сакавіка на пляцоўцы перад Оперным тэатрам у Мінску пройдзе свята ў гонар 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Мінгарвыканкам задаволіў заяўку на правядзенне канцэрта з удзелам 25 тысяч гледачоў. Але ці памесціцца столькі людзей на не самай вялікай мінскай плошчы?

Вылічваем плошчу

Гледачы канцэрта на Дзень волі будуць збірацца на пляцоўцы памерам прыкладна 250х130 метраў. Гэта 32,5 тысячы м2. Прыкладна 2100 м2 ад гэтай плошчы займае фантан – а ў нас усё ж не Дзень дэсантніка, каб лезці туды. Яшчэ частку займаюць агароджа, скульптуры і дрэвы, але ацаніць іх плошчу немагчыма. Груба кажучы, плошча, на якой будуць размяшчацца гледачы, складае 30 тысяч м2.

Скрыншот: "Яндэкс.Карты".

Разлічваем колькасць гледачоў па формуле Джэкабса

Герберт Джэкабс у 1960-х былы прафесарам журналістыкі ва ўніверсітэце Каліфорніі ў Берклі. Са свайго кабінета Джэкабс назіраў за студэнтамі, якія пратэставалі супраць вайны ў В'етнаме. Пляцоўка была падзелена на квадраты, таму Джэкабс лёгка разлічыў сярэднюю колькасць дэманстрантаў на адзінку плошчы для шчыльнага (1 чалавек на 4,5 квадратных фута) і рэдкага (1 чалавек на 10 квадратных футаў) натоўпа.

У 1 м2 прыблізна 10,7 квадратных футаў, а ў 30тысячах м2 – 323 тысячы футаў. Па формуле Джэкабса, на пляцоўцы перад Оперным тэатрам можа змясціцца да 71,7 тысячы чалавек (калі гледачоў будзе шмат). А з камфортам там змесцяцца 32 тысячы чалавек.

Разлічваем колькасць гледачоў па метаду тэлеканала АНТ

У снежні 2010 годзе тэлеканал АНТ таленавіта разлічыў колькасць дэманстрантаў, якія выйшлі пратэставаць супраць фальсіфікацыяў на выбарах прэзідэнта. Свае разлікі журналісты праілюстравалі так:

Журналісты АНТ прыйшлі да высновы, што ў пратэстах на плошчы Незалежнасці ўдзельнічалі 4000 чалавек. Каб атрымаць гэты вынік, яны памножылі даўжыню плошчы на яе шырыню, а пасля падзялілі яе на каэфіцыент 10 (хаця на экране паказаны знак памнажэння). Калі скарыстацца гэтай формулай, на пляцоўцы перад Оперным тэатрам змесціцца… 3000 чалавек!

Хіба можна не верыць журналістам дзяржаўнага тэлеканала?

І як Мінгарвыканкам даў дазвол на 25-тысячную акцыю?!

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі