Чым беларускія прадпрыемствы плацяць за адмову ад экалагічнасці

03/11/2026 - 18:53

БМЗ / belsteel.com

— Калі кампаніі не ўлічваюць неабходнасць экалагічнай мадэрнізацыі, страты могуць быць істотнымі, — кажа Еўрарадыё эканамістка Анастасія Лузгіна.

Прадпрыемствы, якія не ўкладваюць сродкі ў больш экалагічную вытворчасць, рызыкуюць больш траціць на энергію і іншыя рэсурсы, губляць пакупнікоў і саступаць канкурэнтам. Акрамя таго, яны могуць пазбавіцца магчымасці атрымаць фінансаванне і выйсці на замежныя рынкі.

Неэкалагічная вытворчасць — гэта лішнія выдаткі

Адна з першых рызык для прадпрыемстваў, якія не займаюцца экалагічнай мадэрнізацыяй, — рост выдаткаў. Састарэлае абсталяванне і неэфектыўныя вытворчыя працэсы могуць патрабаваць больш энергіі і іншых рэсурсаў. У выніку кампанія траціць больш, чым канкурэнты, якія ўжо ўклалі сродкі ў мадэрнізацыю.

Але справа не толькі ў вытворчых выдатках. Экалагічныя патрабаванні ўсё часцей уплываюць на магчымасць прадаваць тавары за мяжой.

Анастасія Лузгіна / Архіў
"Беларуськалій"

Чаму беларускім прадпрыемствам складаней мадэрнізавацца

На сітуацыю ўплываюць адразу некалькі фактараў. Адзін з іх — абмежаваныя эканамічныя сувязі з еўрапейскім рынкам, дзе экалагічныя патрабаванні асабліва высокія. Калі б беларускія кампаніі больш актыўна супрацоўнічалі з еўрапейскімі партнёрамі, ім давялося б хутчэй адаптавацца да гэтых стандартаў, каб захаваць доступ да рынку.

Другі фактар — фінансаванне. Магчымасцей прыцягваць сродкі на экалагічныя праекты і стартапы стала менш.

Ёсць і ўнутраныя асаблівасці, якія не заўсёды стымулююць прадпрыемствы эканоміць рэсурсы. Лузгіна звяртае ўвагу на сістэму тарыфаў на электраэнергію: для буйных спажыўцоў кошт электрычнасці можа зніжацца па меры павелічэння аб’ёмаў спажывання.

— Гэта, безумоўна, не стымулюе прадпрыемствы эканоміць электраэнергію. Ну і казаць тут пра нейкую энергаэфектыўнасць наўрад ці магчыма, — адзначае эканамістка.

Атрымліваецца парадокс: у той час як у многіх краінах бізнес зацікаўлены ў скарачэнні энергаспажывання, асобныя асаблівасці беларускай сістэмы цэнаўтварэння могуць аслабляць такі стымул.

Пры гэтым экалагічныя патрабаванні ў Беларусі таксама існуюць. Напрыклад, яны датычацца энергаэфектыўнасці бытавой тэхнікі. Пытанне, на думку Лузгіной, хутчэй у тым, наколькі хутка адбываюцца змены і ці паспяваюць прадпрыемствы за сусветнымі тэндэнцыямі.

Экалагічны бізнес не абавязкова зарабляе менш

Адзін з прыкладаў таго, што экалагічная мадэрнізацыя не супярэчыць камерцыйным інтарэсам, — міжнародная кампанія Ikea. Яна скарачае выкіды, пераходзіць на аднаўляльныя крыніцы энергіі, інвестуе ў экалагічны транспарт і вытворчасць.

Паводле слоў Анастасіі Лузгіной, вынікі гэтых змен бачныя і ў справаздачнасці кампаніі.

— З 2016 па 2025 год выкіды ад уласнай дзейнасці Ikea скараціліся больш чым на 70%. І толькі за адзін год, калі параўноўваць 2024-ы з 2025-м, шкодныя выкіды зменшыліся на 22,3%. Больш за тое, амаль 95% усёй спажытай электраэнергіі ў 2025 годзе паступала з аднаўляльных крыніц.

Пры гэтым, як адзначае эканамістка, экалагічныя пераўтварэнні не перашкодзілі кампаніі зарабляць. Чысты прыбытак Ikea ў 2025 годзе склаў 1,4 мільярда еўра супраць 0,8 мільярда годам раней.

— Кампанія Ikea пазіцыянуе сябе як кампанія, якая вельмі актыўна рухаецца ў бок устойлівага развіцця. Аднак гэта не перашкаджае бізнесу зарабляць. Бізнес застаецца бізнесам. Ён зарабляе і, як мы бачым, цалкам паспяхова, нягледзячы на дадатковыя выдаткі на гэты зялёны пераход, які таксама дае станоўчы эфект.

Сонечныя батарэі на даху IKEA / BE Netz/CH-Ebikon

Свет змяняецца — і бізнесу даводзіцца змяняцца разам з ім

Экалагічныя стандарты становяцца важнымі не толькі ў Еўропе. Анастасія Лузгіна звяртае ўвагу і на Кітай, дзе дзяржава падтрымлівае праекты ў сферы экалагічнай мадэрнізацыі, а патрабаванні да энергаэфектыўнасці тавараў паступова ўзмацняюцца.

Акрамя таго, устойлівае развіццё не абмяжоўваецца скарачэннем выкідаў і эканоміяй энергіі. Яно ўключае і сацыяльныя пытанні: абарону работнікаў, гендарную роўнасць і іншыя ўмовы, ад якіх залежыць адказнасць бізнесу.

Для беларускіх прадпрыемстваў адставанне ад гэтых працэсаў можа абярнуцца не адной канкрэтнай стратай, а цэлым наборам эканамічных праблем: больш высокімі выдаткамі, абмежаваным доступам да рынкаў і фінансавання, зніжэннем цікавасці з боку пакупнікоў.

На думку Анастасіі Лузгіной, калі б эканамічныя адносіны Беларусі і Еўрасаюза былі больш актыўнымі, у беларускіх кампаній было б больш стымулаў і магчымасцей рухацца ў бок экалагічнай мадэрнізацыі.

Але сусветны рынак змяняецца незалежна ад таго, наколькі хутка да яго адаптуецца беларускі бізнес. І чым даўжэй прадпрыемствы адкладаюць гэтыя змены, тым складаней ім будзе канкурыраваць з тымі, хто ўжо зрабіў экалагічнасць часткай сваёй эканамічнай стратэгіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі