Хуткая дапамога / Euroradio / ChatGPT
Беларуска расказала ў Threads пра смерць мужа пасля стаматалагічнага лячэння. Паводле яе слоў, пасля працэдуры ў мужчыны пачаліся ўскладненні. Ён прымаў антыбіётыкі, але ягоны стан пагаршаўся. Жанчына таксама апісвае спробы атрымаць медыцынскую дапамогу і задаецца пытаннем, ці можна было выратаваць мужа.
Каб разабрацца ў гэтай гісторыі, Еўрарадыё пагаварыла з доктарам Станіславам Салаўём, які займаецца пытаннямі рэфармавання беларускай сістэмы аховы здароўя ў Офісе Святланы Ціханоўскай.
— Варта разумець, што ў нас ёсць толькі гісторыя са слоў самой пацыенткі, якая не можа даць поўнай карціны. Проста таму, што гэта словы толькі аднаго боку — пацярпелага. І тут мы сутыкаемся з вельмі непрыемнымі наступствамі: увогуле вельмі складана гаварыць пра любыя непажаданыя вынікі ў медыцыне — ці то ўрачэбная памылка, відавочная халатнасць, ці проста ўскладненні, якія, на жаль, у медыцыне здараюцца.
Паводле слоў Салаўя, нават правільна прызначанае лячэнне не заўсёды прыводзіць да жаданага выніку. Каб ацаніць канкрэтны выпадак, трэба ведаць, якая менавіта інфекцыя развілася, якія прэпараты прызначалі і як змяняўся стан пацыента.
— Адна справа — лакальная інфекцыя, іншая — калі яна распаўсюдзілася. Тут можна шмат чаго меркаваць, але нічога пэўнага сказаць нельга.
Ёсць і яшчэ адна складанасць: медыкі звязаны ўрачэбнай тайнай і не могуць публічна каментаваць падрабязнасці лячэння. У выніку сваякі пацыентаў могуць расказваць сваю версію падзей, а медыцынскі бок часта не мае магчымасці адказаць. Гэта ўзмацняе недавер да сістэмы, асабліва калі яна і без таго закрытая ад грамадства.
Пры гэтым эксперт звяртае ўвагу на асобную сістэмную праблему — на тое, якія функцыі сёння выконвае хуткая дапамога ў Беларусі. На яго думку, брыгады не павінны ацэньваць стан пацыента дома і вырашаць, ці патрэбна яму шпіталізацыя.
— Хуткая дапамога не павінна выступаць у ролі ацэншчыка стану пацыента дома. Яе задача — даставіць чалавека з пункта А ў пункт Б, калі ёсць адчуванне, што чалавек вось-вось памрэ. А пункт Б — гэта бальніца.
Салавей тлумачыць: у брыгад хуткай дапамогі няма абсталявання і спецыялістаў, неабходных для паўнавартаснай дыягностыкі па ўсіх медыцынскіх напрамках. Яны не могуць замяніць абследаванне ў стацыянары, дзе ёсць тамографы, апараты УГД і лабараторыі.
— Цяжкага пацыента трэба даставіць у бальніцу. Найменшы сумнеў павінен вырашацца на карысць пацыента — яго трэба даставіць. Хуткая дапамога не павінна ацэньваць, ці трэба яму ў бальніцу.
Паводле слоў эксперта, цяпер на хуткую дапамогу фактычна ўскладаюць задачу, для выканання якой яна не прызначана. Гэта можа ствараць дадатковыя рызыкі для пацыентаў. Аднак сцвярджаць, што менавіта гэтая праблема прывяла да смерці мужчыны з гісторыі ў Threads, нельга: для такой высновы недастаткова інфармацыі.
Станіслаў Салавей перасцерагае ад спроб аднавіць ход падзей паводле аднаго аповеду і вызначыць, хто вінаваты ў тым, што здарылася. Без медыцынскіх дакументаў і тлумачэнняў усіх удзельнікаў можна пабудаваць некалькі цалкам розных версій.
— Можна прыдумаць сюжэт у двух, трох, чатырох варыянтах, дзе вінаваты будзе сам пацыент, дзе вінаватая хуткая дапамога, дзе вінаваты ўрач-стаматолаг, дзе вінаваты ўрач-рэаніматолаг. Таму гэта спекуляцыя.
Эксперт падкрэслівае, што смерць маладога чалавека пасля, на першы погляд, звычайнай медыцынскай працэдуры заканамерна выклікае моцную эмацыйную рэакцыю. Але рабіць высновы пра прычыны трагедыі без поўнай інфармацыі было б непрафесійна і неэтычна.
— Адзінае, што мы можам сказаць: жанчына страціла блізкага чалавека ва ўзросце, у якім ён не павінен быў памерці, і па прычыне, з якой звычайна ніхто не звязвае смерць. Памерці ад раку, інфаркту, інсульту — гэта ўкладваецца ў галаве. Памерці ад інфекцыйных ускладненняў у стаматалогіі — не. Але, на жаль, такое таксама можа здарыцца.
На думку Станіслава Салаўя, цяпер важна, каб усе службы, якія ўдзельнічалі ў аказанні дапамогі, разабраліся ў тым, што адбылося, і высветлілі, ці можна было дзейнічаць інакш. Калі былі памылкі, на іх трэба вучыцца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут