Ці можна не плаціць пеню, калі затрымліваюць заробак на працы?

01/06/2018 - 12:36

Беларусы аплачваюць рахунак за камунальныя паслугі да 25 чысла кожнага месяца. Але, што рабіць, калі вам затрымалі заробак, і плаціць няма чым? На суму доўга пачынае “капаць” штодзённая пеня ў 0,3%.

Затрымка заробку часта не залежыць ад чалавека, якому выстаўлены рахунак за камунальныя паслугі. Ці ёсць механізмы, праз якія можна пазбегнуць пені? Напрыклад, напісаць заяву, якая дазволіць прыпыніць налічэнне 0,3%?

Тэлефануем у 115 і распавядаем, што заробак на працы затрымліваюць, аплаціць камуналку няма магчымасці. Што рабіць, каб пазбегнуць пені?

“Можна пісаць заяву наконт пераразліку непасрэдна ў арганізацыю, якая абслугоўвае ваш дом. Але канкрэтна пра ўсё вам распавядуць менавіта ў вашай арганізацыі”, — адказваюць там.

“І што нам з гэтай заявай рабіць? — здзіўляецца пытанню супрацоўніца разлікова-даведкавага цэнтра ў Полацку. — Мы, натуральна, пазначым, што ў вас уважлівая прычына, і вы аплаціце, дапусцім, 10-га чысла. Але гэта не значыць, што супрацоўнікі ЖКГ не будуць вас тузаць. Зразумейце, за даўжнікоў і нас таксама лаяць, і мы таксама не атрымліваем заробак. Гэта дэбіторская запазычанасць прадпрыемства, якое вам аказала паслугі, а вы за іх не разлічыліся. Натуральна, у нас няма ні прэміі, нічога, мы атрымліваем голы аклад, капейкі”.

Звяртаемся з той жа праблемай у адзін са сталічных разлікова-даведкавых цэнтраў.

— У мяне праблема: на працы затрымліваюць заробак. Што можна зрабіць, каб пазбегнуць пені?

— Нічога. Няма такога. Плаціце пеню.

— А чаму пеня такая вялікая?

— 0,3% за дзень. Пастанаўленне ж ёсць, мы не прыдумалі яе.

Атрымліваецца, пра магчымасць напісаць заяву і пазбегнуць пені даўжнікоў папярэджваюць не заўжды. Пры гэтым пеня толькі падаецца невялікай. Насамрэч, 0,3% за дзень — гэта 109,5% гадавых. Паспрабуйце пакласці грошы ў банк пад такія адсоткі! А ЖКГ, фактычна, налічвае гэтыя шалёныя адсоткі на даўгі сваіх кліентаў.

Дык усё ж такі можна напісаць заяву і не плаціць пеню, ці хаця б адтэрмінаваць яе налічэнне? З гэтым пытаннем мы датэлефанаваліся да намесніцы міністра ЖКГ Марыны Тоўсцік:

“Вы можаце напісаць заяву ў РДЦ і выканкам: ёсць камісіі, якія вырашаюць пытанні аб зняцці пені. Гэта практыка існуе, і сёння, напісаўшы зварот пры сапраўды уважлівых прычынах, вы можаце быць вызваленыя ад яе”.

А дэпутатка Вольга Палітыка дадае:

“Па аплаце камунальных паслуг дзяржава прадастаўляе льготы пэўным катэгорыям грамадзян, сярод якіх, напрыклад, самотныя інваліды першай і другой групы і пенсіянеры. Да таго ж ёсць сістэма безнаяўнай жыллёвай субсідыі, на якую можна прэтэндаваць, калі выдаткі на камунальныя паслугі перавышаюць прыбыткі. Сем'і, якія трапілі ў складаную сітуацыю, могуць звярнуцца ў выканкамы, каб запазычанасць і пеня былі перагледжаныя. Але плаціць за камунальныя паслугі трэба своечасова”.

 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі