Хто атакаваў анклаў Расіі на Балтыцы? / Exilenova+
Нядаўна жыхары Калінінградскай вобласці паведамлялі пра беспілотнікі, паветраную трывогу і магчымыя атакі на аб'екты Балтыйскага флоту і інфраструктуру рэгіёна. Аднак да гэтага часу няма яснасці ні адносна паходжання дронаў, ні адносна таго, хто мог стаяць за гэтымі дзеяннямі.
Не выключана, што тое, што адбываецца, звязана з імкненнем разагнаць новы віток напружанасці ў адносінах Расіі і НАТА. Што гэта было, ці датычная Украіна да падзей?
Над гэтымі пытаннямі ў эфіры Еўрарадыё разважаў украінскі ваенны эксперт Аляксандр Каваленка.
— На самай справе на сённяшні дзень у нас няма пацвярджэнняў таго, што Украіна праводзіла аперацыю ў Калінінградскай вобласці. Расійскі бок нават не дэманструе збітыя беспілотнікі.
Ёсць шмат відэазапісаў працы СПА, ёсць відэа, на якіх мясцовыя жыхары спрабуюць каментаваць тое, што адбываецца. І, уласна, ніякіх іншых фактычных пацвярджэнняў няма.
Балтыйск знаходзіцца даволі далёка ад тэрыторыі Украіны. Гэта больш за дзве тысячы кіламетраў, калі ляцець у абыход праз тэрыторыю Расійскай Федэрацыі. Іншы варыянт — ляцець праз Балтыйскае мора, абыходзячы паветраную прастору Эстоніі, Літвы і Латвіі. А для беспілотнікаў гэта даволі вялікая адлегласць, — звяртае ўвагу на акалічнасці інцыдэнту эксперт.
Каваленка сцвярджае, што, калі б у Украіны была магчымасць нанесці ўдар па Расіі, яна б выбрала блізкія мэты. Напрыклад, у Наварасійску або Каспійску, дзе таксама знаходзяцца расійскія ваенныя караблі.
— Тым больш што з Наварасійска і Каспійска па Украіне наносяцца ўдары крылатымі ракетамі "Калібр". Тут мэтазгоднасць значна вышэйшая. Атака на гэтыя аб'екты была б больш рацыянальнай, — лічыць эксперт.
Так супала, што адначасова быў пашкоджаны расійскі ваенны карабель у Бенгазі. Але ёсць розніца, сцвярджае Каваленка.
— На Балтыйск ляцелі нейкія паветраныя беспілотнікі, а ў Бенгазі былі задзейнічаны марскія дроны.
У Чорным моры марскія дроны-камікадзэ ўжо даўно не выкарыстоўваюцца ў аперацыях так, як раней. Расіяне схаваліся ў Наварасійску, знаходзяцца за банавымі загародамі, і дастаць іх можна сродкамі паветранага паражэння.
А нашы марскія дроны-камікадзэ працягваюць вырабляць і назапашваць. Гэта значыць з імі трэба нешта рабіць, іх трэба як-небудзь задзейнічаць. І вось тут падобная аперацыя была б цалкам мэтазгоднай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут