Былога міліцыянера не вызвалілі пасля 30 сутак арышту, далі яшчэ 10

21/06/2021 - 16:33

Былога міліцыянера Ягора Емяльянава не вызвалілі пасля 30 сутак арышту, далі яшчэ 10 сутак, паведамляюць праваабаронцы. У жніўні 2020-га капітан адмовіўся ўдзельнічаць у падаўленні пратэстаў у Наваполацку і звольніўся з міліцыі. 20 траўня Емяльянава затрымалі на яго новым працоўным месцы — у сталічным фітнэс-цэнтры. З розніцай у трое сутак адбыліся два суды, прысуды — па 15 сутак арышту (нібыта, "хуліганіў", а пасля "непадпарадкаваўся" міліцыянерам).

Вядома, што Ягора Емяльянава змяшчалі ў карцар.

У суботу былы міліцыянер не выйшаў на волю, бо яго "перазатрымалі": вывезлі з ІЧУ ў Савецкае РУУС, а ён "аказаў непадпарадкаванне службовай асобе, не хацеў выходзіць з машыны, упіраўся нагамі, хапаўся рукамі".

21 чэрвеня справу Емяльянава разглядаў суд Савецкага раёна Мінска. Ён атрымаў 10 сутак. Агулам ужо будзе 40 сутак арышту.

Фота з Instagram Ягора Емяльянава

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі