Беларускаму добраахвотніку пагражае дэпартацыя з Украіны

16/10/2026 - 16:25

Эміль Лабейка / Прыватны архіў

Беларускага добраахвотніка Эміля "Бабра" Лабейку ў лістападзе могуць дэпартаваць з Украіны. Прычына ў тым, што ён страціў пашпарт падчас баявых дзеянняў у Данецкай вобласці, піша ўкраінскае выданне "Грунт".

Эміль далучыўся да ўкраінскага войска ў 2022-м. Спачатку ён служыў у палку Каліноўскага, а цяпер ваюе за Украіну ў палку беспілотных сістэм Kraken. У Беларусі на яго пачалі шэсць крымінальных спраў за ўдзел у пратэстах супраць рэжыму Лукашэнкі і службу ва Украіне. На радзіме яму пагражае да 20 гадоў зняволення. Акрамя таго завочна Эміля асудзіў так званы "суд ДНР", які прызначыў яму 14 гадоў пазбаўлення волі.

Раней статус ва Украіне пацвярджаў ягоны вайсковы білет. Аднак у траўні прынялі закон, згодна з якім усе замежныя добраахвотнікі павінны за паўгода атрымаць від на часовае пражыванне. А для гэтага трэба падаць арыгінал пашпарта ці дакумент, які сведчыць асобу і пацвярджае спецыяльны статус. Акурат пашпарта ў Лабейкі няма.

Анастасія Махамет, якая цяпер працуе з добраахвотнікамі ў Місіі дэмакратычных сіл Беларусі ва Украіне, асабіста ведае мінімум восем чалавек, якія аказаліся ў такой жа сітуацыі: "У людзей няма такіх дакументаў. У іх ёсць ваенны білет, кантракт і больш нічога. І з гэтым наборам яны не могуць зайсці ні ў якую працэдуру".

Некалькі вайсковых часцей неафіцыйна далі зразумець, што будуць вымушаныя звольніць такіх вайскоўцаў за парушэнне закона, калі нічога не зменіцца. Тады вайскоўцы страцяць усе магчымыя льготы і будуць абавязаныя пакінуць Украіну цягам трох дзён.

У Дзяржаўнай міграцыйнай службе Украіны на запыт журналістаў афіцыйна адказалі, што замежным вайскоўцам, якія не аформяць від на жыхарства да 10 лістапада, можа пагражаць штраф. Рашэнне аб прыцягненні да адказнасці будуць прымаць індывідуальна, з улікам усіх абставінаў. Замежнікаў, якія не маюць пашпарта, могуць на законных падставах затрымаць і змясціць у пункт часовага перабывання.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі