“Бумбокс”: Скончыцца вайна, загояцца раны — і мы пачнём усё спачатку

09/02/2017 - 13:29

17 лютага ў сталічным PrimeHall пройдзе канцэрт украінскага гурта “Бумбокс”. Выступам у Мінску музыкі распачынаюць трэцюю частку тура ў падтрымку максі-сінгла “Люди”, які пачаўся яшчэ ў красавіку 2016-га года. За гэты час “Бумбокс” адыгралі 20 канцэртаў ва Украіне. Пасля выступу ў Беларусі яны рушаць у Заходнюю Еўропу і Амерыку. Адмыслова каб сустрэцца з журналістамі, лідар гурта Андрэй Хлыўнюк наведаў Мінск загадзя. Музыка выглядае вельмі спакойным, разважлівым і нават сціплым чалавекам. Ён не любіць размаўляць пра палітыку і не сочыць за тэлешоу кшталту “Х-Фактара” ды “Еўрабачання”, але цалкам аддаецца творчасці, па-філасофску ставіцца да сваёй забароны ў Расіі і дагэтуль слухае любімыя гурты на касетах.

Вы пратрымаліся ў журы ўкраінскага шоу “Х-Фактар” адзін сезон. Ці зацікавілі вас якія-небудзь беларускія артысты, якія бралі ў ім удзел, і як вы ацэньваеце гэты досвед?

Андрэй Хлыўнюк: Тут вельмі трапна ўжытае слова “пратрымаўся”, ледзь вытрымаў (усміхаецца). Негатыўнага досведу не бывае, бывае толькі станоўчы. Эмоцыі і досвед — адзінае, што ў нас з вамі застаецца. Астатнія рэчы прыходзяць і сыходзяць. Датычна беларусаў у музыцы, то тут я не маю права судзіць. Я вам жадаю толькі самых лепшых пляцовак і вялікіх студый, поспеху вашым музыкам. У гэтым балоце няма канкурэнтаў, іх не існуе. Бо ў кожнага аўтара свая аўдыторыя і яны могуць перакрыжоўвацца колькі заўгодна. Я з задавальненнем слухаю і Джымі Хендрыкса і Джозі Джэймс — хоць гэта розныя выканаўцы і, магчыма, калі б яны жылі ў адзін час, яны б маглі, як кажуць, канкураваць.

Я вельмі сур’ёзна падзяляю паняцці шоу-бізнесу і творчасці. Бізнесмены вымяраюцца заламі, прыбыткамі, поспехам… Музыкі ж радуюцца ці засмучаюцца, калі ў іх атрымліваецца ці не атрымліваецца выразіць тое, што яны жадаюць, па-новаму ці максімальна якасна… Усе дванаццаць гадоў нашага існавання мы не гналіся за поспехам, ён неяк так ішоў бонусам да нашага жадання і прагі проста запісвацца на добрых студыях і атрымліваць ад гэтага асалоду. Гэтак было некалі ў трыа, так застаецца і цяпер, калі нас шасцёра. У нас, дарэчы, новы ўдзельнік у гурце — вельмі добры джазавы піяніст Павел Літвіненка.

А вы можаце назваць кагосьці з беларускіх музыкаў?

Андрэй Хлыўнюк: Так! Але вы іх і самі ўсіх ведаеце, бо гэта ўсё вяршкі. Я падтрымліваю вельмі цесныя і сяброўскія адносіны з гуртом Brutto. Мы цяпер жывем у адным горадзе, нашы погляды на сучасны свет вельмі моцна супадаюць. Груба кажучы, нашы гісторыі стасункаў з рэальнасцю вельмі падобныя, нягледзячы на абсалютна непадобныя музычныя матэрыялы.

Вы выступалі ў розных краінах, а як з моўным бар’ерам, ці разумеюць вас людзі?

Андрэй Хлыўнюк: Моўны бар’ер існуе ў нашых галовах. Музыка — універсальная мова, зразумелая ўсім. І ў гэтым і ёсць яе магія. Ёсць з дзясятак маіх любімых гуртоў, тэксты якіх я дакладна не ведаю. Я люблю іх рыфы, іх эмоцыю, драйв, грув… у гэтым сутнасць. Сутнасць слова “рок-н-рол” не ў мове. Так склалася, што ў нас лічыцца, што ў песні галоўнае — словы. Але гэта не зусім праўда. Ды і ніхто не казаў і не кажа, што вывучыць яшчэ адну мову гэта дрэнна — гэта вельмі добра. І адаптацыя, і пераклад, і цікавасць да тэкстаў у музыцы на мове, якую вы не разумееце, дае вам вельмі шмат. Кожная новая мова — новая грань для чалавека, гэта вельмі цікава! Паверце! Гэта я вам сцвярджаю, як без пяці хвілін лінгвіст.

Праходзіла інфармацыя, што вы перапынялі бягучы тур дзеля супрацоўніцтва над спектаклям “Burning Doors” беларускага “Свабоднага тэатра”. Можаце распавесці, як гэта было?

Андрэй Хлыўнюк: Гэта быў фантастычны досвед сустрэч з вельмі цікавымі людзьмі, якія сталі нашымі сябрамі. Яны сапраўды вельмі таленавітыя людзі. Я б хацеў яшчэ што-небудзь зрабіць разам з беларускім “Свабодным тэатрам”. Было вельмі цікава знішчыць межы. Гэта акурат да пытання пра моўныя бар’еры. Дзяржавы стварылі межы, мне здаецца, папросту для таго, каб не даць нам разам замуціць нешта цікавае.

А супольная праца з беларускім тэатрам — не толькі магчымасць шопінгу ў Лондане (усміхаецца), а магчымасць стасункаў з людзьмі, якім у творчасці ты кажаш “А”, я яны табе адразу адказваюць “Б”. Гэта было вельмі крута, і ў нас ёсць яшчэ адзін сумесны праект, які цяпер знаходзіцца ў распрацоўцы. І я вельмі хачу, каб мы знайшлі час і грошы на яго рэалізацыю, і зрабілі нешта разам, але ўжо на іншую тэматыку. Аб’яднанне рэжысёра і кампазітара — заўсёды класна, калі яны знаходзяць агульную творчую мову. 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі