Брэсцкія актывісты выступілі супраць будаўніцтва патрыятычнага цэнтра БРСМ

28/04/2016 - 19:15

Брэсцкія сацыял-дэмакраты выступілі супраць будаўніцтва патрыятычнага цэнтра БРСМ. Сродкі, заробленыя на суботніку ў вобласці, яны заклікаюць накіраваць на будаўніцтва дзіцячых садкоў. Адпаведны зварот партыйцы перадалі ў Брэсцкі аблвыканкам.

Падставай да звароту стала заява старшыні аблвыканкама Анатоля Ліса. Па яго словах, каля 3 мільярдаў рублёў, заробленых вобласцю на суботніку, пойдуць на будаўніцтва моладзевага патрыятычнага цэнтра БРСМ у Брэсцкай крэпасці.

У каментары Еўрарадыё старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі БСДП Ігар Маслоўскі выказаў меркаванне, што будаўніцтва патрыятычнага цэнтра не з'яўляецца прыярытэтнай праблемай, на якую варта накіроўваць фінансавыя сродкі.

Маслоўскі: “Мы заклікаем падтрымаць нашу ініцыятыву пра будаўніцтва дзіцячых садкоў, якіх так не хапае ў горадзе. Мы лічым, што ўкладанне сродкаў у адукацыю маленькіх жыхароў нашага горада будзе самым лепшым патрыятычным дзеяннем з боку органаў улады і таго ж самага БРСМ. Прыйшоў час праявіць сапраўдныя патрыятычныя настроі — укласці грошы ў будучае пакаленне”.

Па словах Маслоўскага, толькі ў Маскоўскім раёне Брэста на атрыманне дашкольнай адукацыі ў 2016/2017 навучальным годзе прэтэндуюць 3652 дзяцей, народжаных у перыяд з 1 верасня 2013 па 31 жніўня 2014 года. Аднак садкі могуць прыняць толькі 600 дзяцей гэтага ўзросту.

 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі