Больш за год з Польшчы ў РФ ішлі тавары для ваенных праграм, часам праз Беларусь — БРЦ

19/11/2026 - 16:20

Рэжым Лукашэнкі дапамагае Расіі абыходзіць санкцыі, ілюстрацыйнае фота / pexels.com

Тавары для ваенных праграм на суму больш за 3,3 млн долараў пастаўляліся з Польшчы ў Расію. Гэта выявіў Беларускі расследавальніцкі цэнтр (БРЦ).

Расследвальнікі кажуць, што гаворка ідзе пра станкі з лічбавым праграмным кіраваннем (ЛПК), лабараторныя аналізатары, тэлекамунікацыйнае абсталяванне і электронныя кампаненты. Атрымлівалі іх у тым ліку кампаніі, звязаныя з расійскім ВПК. Пастаўкі адбываліся са студзеня 2024 года да сакавіка 2025-га ў парушэнне санкцый Еўрасаюза.

У БРЦ налічылі прынамсі 7468 тавараў з "чорнага спісу" ЕС, якія трапілі ў РФ ад пачатку 2024 года да сакавіка 2025-га. Месцам іх адпраўлення пазначаная Польшча.

Так, у студзені 2024-га расійская кампанія "Холтэк Голд" набыла патрыманы апрацоўчы цэнтр нямецкай фірмы Deckel Maho. Яго адпраўнікам была пазначаная польская кампанія Aurima на падставе даручэння гродзенскай кампаніі "Белінтэрлагістык".

Праз месяц тая ж "Холтэк Голд" атрымала яшчэ адзін патрыманы станок з ЛПК паўднёвакарэйскай фірмы Hyundai. Цяпер ужо адпраўнікам была фірма "Белінтэрлагістык" на падставе даручэння польскай кампаніі Logiss. Агульны кошт двух станкоў склаў каля 194 тысяч долараў.

У чэрвені 2024-га ЕС пашырыў санкцыі на транзіт тавараў праз Беларусь. Пасля гэтага "Белінтэрлагістык" стала накіроўваць падсанкцыйныя тавары іншымі маршрутамі. У лістападзе 2024 года кампанія набыла нямецкі станок з ЛПК ад кыргызстанскай фірмы "Усход Рэсурс", а месцам адпраўлення тавару была пазначаная Турцыя. У студзені 2025 года беларуская фірма перадала станок расійскаму кліенту.

Яшчэ адзін марштур такіх паставак ішоў праз Арменію. У БРЦ падлічылі, што з лістапада 2023-га да сакавіка 2024 года "Белінтэрлагістык" паставіла ў Расію прынамсі 20 патрыманых станкоў: еўрапейскай вытворчасці — 12, карэйскай — 5, японскай — 2, невядомай — 1.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі