Марыя Калеснікава затрыманая памежнікамі пры спробе перасячы мяжу, паведамляе дзяржаўнае інфармагенцтва БЕЛТА са спасылкай на Дзяржаўны памежны камітэт.
Афіцыйны прадсаўнік Памежнага камітэта Антон Бычкоўскі паведаміў агенцтву, што 8 верасня каля 4:00 Антон Раднянкоў, Іван Краўцоў і Марыя Калеснікава ехалі праз міжнародны пункт пропуску "Аляксандраўка" ў бок Украіны.
"З улікам асаблівасцяў інфраструктуры пункта пропуску і праходжання лініі дзяржаўнай мяжы на гэтым участку ажыццяўляецца ўзмацненне аховы дзяржмяжы і былі выстаўленыя дадатковыя памежныя нарады", — удакладніў Бычкоўскі. Па яго словах, Калеснікава, Раднянкоў і Краўцоў прайшлі мытны кантроль і паехалі ў бок Украіны. Але потым яны пабачылі яшчэ адзін памежны нарад.
"Машына рэзка паскорылася, стварыўшы пагрозу жыццю ваеннаслужачаму органаў пагранслужбы. Калеснікава апынулася па-за транспартным сродкам. Па сутнасці, яе выпхнулі з яго і працягнулі рух у бок Украіны", — перадае БЕЛТА словы памежніка.
Паведамляецца, што Калеснікава на цяперашні час затрыманая.
Раней Марыя Калеснікава казала паплечнікам, што не збіраецца пакіддаць Беларусь. Не выключана, што яна супраціўлялася высылцы в Украіну.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.