Беларусы падчас мітынгу / AFP / Scanpix
Выпускнік гістфака БДУ Аляксандр (прозвішча ёсць у рэдакцыі) пасля трох з паловай гадоў легальнага жыцця ў Германіі патрапіў у бюракратычнае пекла. Нямецкія ўлады адмовілі беларусу ў ВНЖ, а візы, атрыманыя праз вучобу, скончыліся. Як і беларускі пашпарт. Цяпер хлопцу пагражае прымусовае перасяленне ў лагер для ўцекачоў.
Аляксандр выйшаў на сувязь з Еўрарадыё і расказаў пра сваю складаную сітуацыю.
У 2020-м Аляксандр вучыўся ў магістратуры гістфака БДУ. Што праўда, дыплом ён атрымаць не змог праз палітычны пераслед.
“Я ўдзельнічаў у пратэстах і, акрамя гэтага, быў адным з тых, хто арганізоўваў незалежны прафсаюз у БДУ. У сакавіку і ў жніўні 2021-га я быў затрыманы два разы. <...> У 20-м годзе мяне таксама затрымлівалі — за ўдзел у кастрычніцкім маршы. Але тады я не патрапіў на Акрэсціна, мяне проста аштрафавалі”, — узгадвае суразмоўца.
Праз ціск Аляксандр пакінуў Беларусь і паехаў у Нямеччыну. Падставай для легалізацыі стала вучоба: паколькі беларус быў у незалежным прафсаюзе БДУ, яго падтрымаў нямецкі прафсаюзны фонд і арганізаваў для яго магістарскую праграму на базе двух нямецкіх універсітэтаў.
“Там я вучыўся з кастрычніка 22 года па 24-ы на міжнароднай праграме, звязанай з прафсаюзамі, на англійскай мове. Гэта была праграма для людзей з розных краін, у тым ліку з Афрыкі і з Азіі”.
Пасля заканчэння вучобы беларус афіцыйна ўладкаваўся на працу на вялікі гандлёвы склад. Па спецыяльнасці не атрымалася, бо хлопцу не хапала ўзроўню нямецкай мовы.
“У мяне была студэнцкая віза, а пасля віза для пошуку кваліфікаванай працы, так званая віза для тых, хто скончыў універсітэт і шукае працу. Яна была на паўтара года, і я знаходзіўся ў Нямеччыне цалкам легальна”, — падкрэслівае суразмоўца.
Прыкладна за паўгода да заканчэння беларускага пашпарта хлопец падаўся на нямецкі пашпарт замежніка — так званы “шэры пашпарт”. Але атрымаў па электроннай пошце адмову — за пяць дзён да таго, як тэрмін дзеяння беларускага пашпарта скончыўся.
“Мне напісалі, што калі я заяўляю, што мне небяспечна вяртацца ў Беларусь, дык я павінен падавацца на статус уцекача. Гэта не быў яшчэ канчатковы адказ, я спадзяваўся на пазітыўны вердыкт. Дасылаў дадатковыя дакументы, што не магу вярнуцца ў Беларусь. Але нічога не выйшла”.
Калі тэрмін дзеяння беларускага пашпарта скончыўся, у хлопца ўзніклі праблемы на працы. Яму сказалі, што не могуць яго трымаць без дзеючага дакумента — і звольнілі.
“Я паўтара месяца быў без працы, але пасля змог даказаць, што меў права працаваць, і атрымаў кампенсацыю за згублены час. Там была зроблена памылка з боку працадаўцы. Да студзеня 2026 года я ўвесь час пісаў скаргі і лісты чыноўніцы, якая разглядала мой выпадак адносна атрымання пашпарта замежніка”.
Перад тым, у кастрычніку 2025 года, у Аляксандра скончыўся ВНЖ. Хлопец падаўся на новы і чакаў адказ.
“Я падаўся на іншую легальную візу — карту шанцаў. Калі б у мяне быў беларускі пашпарт або пашпарт замежніка, мне б яе далі. Але ў студзені 2026 года я атрымаў пісьмовую адмову ў выдачы пашпарта замежніка. Мне напісалі, што я не належу да катэгорый асоб з гуманітарнай візай, асоб са статусам уцекача або асоб з павышанай палітычнай актыўнасцю, без тлумачэння, што гэта значыць. І мяне зноў адправілі падавацца на ўцекача”.
Аляксандр звярнуўся да адваката з беларускай арганізацыі. У студзені 2026 года яго канчаткова звольнілі з працы, хаця адвакат прыйшоў да высновы, што беларус усё ж такі меў права працягваць працу.
“Тэарэтычна я магу яшчэ атрымаць кампенсацыю. Але мне ўжо заблакіравалі банкаўскую картку. Адвакат сказаў, што скаргі мала дапамогуць, і больш верагодна атрымаць статус уцекача, чым выйграць справу праз бюракратычныя працэдуры.
Ён патлумачыў мне, што цяпер ідзе суд паміж міграцыйным офісам і адной асобай, і пакуль няма канчатковага рашэння, у Берліне амаль усім адмаўляюць у пашпарце замежніка”.
Каб не ехаць у лагер, беларус паспрабаваў падацца на так званага “пісьмовага ўцекача” — калі заяўнік падае дакументы па пошце, жыве дома, можа працаваць і не атрымлівае ніякай матэрыяльнай дапамогі ад дзяржавы. Але атрымаў адмову, бо ў яго не хапала тэрміну легальнага знаходжання.
“Зараз для мяне замкнулася кола: без пашпарта замежніка я не магу працягнуць легалізацыю, і мяне штурхаюць у працэдуру ўцекача.
Цяпер мая перспектыва — падавацца на статус уцекача і ехаць у лагер уцекачоў, з Берліна ў іншы горад, магчыма, у Баварыю. Я жыву ў Берліне больш за тры гады, ужо добра размаўляю па-нямецку, у мяне тут ёсць арэнднае жытло, рэгістрацыя, сябры, дзяўчына. Але мяне могуць адправіць у любы лагер, дзе я буду жыць ад некалькіх тыдняў да пары гадоў, з абмежаваннямі на перасоўванне. Будуць допыты пра тое, як я пакінуў Беларусь і як трапіў у Нямеччыну. Ёсць рызыка адмовы, якая для беларусаў якраз складае прыкладна 5-10%. Тады прыйдзецца ісці ў суд”, — разважае хлопец.
Суразмоўца звяртаўся да нямецкіх СМІ, дэпутатаў, праваабарончых арганізацый. Шмат хто лічыць сітуацыю абсурднай. Аляксандр думае, што варта падавацца на права застацца ў Германіі як добра інтэграванаму чалавеку. Але разгляд такой справы таксама можа зацягнуцца на гады.
“У мяне тут ёсць дзяўчына, мы не можам ажаніцца, бо ў мяне пратэрмінаваны пашпарт. Я не хацеў бы жыць у іншым рэгіёне, бо і так доўгі час быў на адлегласці праз падзеі ў Беларусі.
Для мяне лепшы сцэнар цяпер — атрымаць статус уцекача і застацца ў Берліне. Тады замест беларускага ў мяне будзе сіні пашпарт уцекача, і я змагу легальна жыць і працаваць. Але пасля адмовы ў атрыманні пашпарта замежніка і адмовы ў “пісьмовым уцекачу” вера ў добры вынік стала значна меншай”, — падсумоўвае беларус.
Мы звярнуліся па каментар у еўрапейскае праваабарончае НДА Libereco, якое займаецца абаронай правоў людзей ва Украіне і Беларусі.
Там з прававых прычын і меркаванняў бяспекі не сталі каментаваць сітуацыю з Аляксандрам. Але пацвердзілі, што сапраўды праблема легалізацыі беларусаў, нават праз палітычны пераслед на радзіме, застаецца злабадзённай.
“На жаль, даволі часта нямецкія ўлады адмаўляюць грамадзянам Беларусі ў выдачы пашпарта замежніка або дазволу на пражыванне, нягледзячы на відавочны палітычны пераслед у іх краіне.
<...> Палова людзей, якія звярнуліся да нас у 2025 годзе, маюць праблемы з атрыманнем пашпарта замежніка ў Германіі, што сведчыць пра сур’ёзнасць гэтага пытання”, — кажа Марка Фібер, выканаўчы дырэктар Libereco.
Яго досвед працы з міграцыйнымі ўладамі па ўсёй Германіі паказвае, што яны недастаткова знаёмыя з цяперашняй сітуацыяй у Беларусі.
“Асабліва з наступствамі прэзідэнцкага ўказа ад верасня 2023 года (№ 278). Больш за тое, некаторыя міграцыйныя органы наогул адмаўляюцца выдаваць пашпарт замежніка грамадзянам Беларусі і замест гэтага прапануюць ім падаваць заяву на прытулак.
Гэта цалкам абсурдна, бо часта прымушае людзей, якія ўжо маюць надзейны статус пражывання і працуюць у Германіі на працягу многіх гадоў, у тым ліку ІТ-спецыялістаў з “блакітнай картай”, праходзіць працэдуру атрымання прытулку, якая, у сваю чаргу, можа цягнуцца некалькі гадоў!”
Фібер лічыць, што працэдура атрымання прытулку асабліва недарэчная для былых палітвязняў — праз абавязковае размяшчэнне ў калектыўных цэнтрах прыёму, бо існуе вялікая рызыка паўторнай псіхалагічнай траўматызацыі.
Мы таксама звярнуліся па каментар у Эміграцыйны офіс Берліна і Офіс Святланы Ціханоўскай, але пакуль не атрымалі адказаў. Калі атрымаем — працягнем гэтую гісторыю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут