Беларускую дзяржаўную дэлегацыю запрасілі на перапахаванне паўстанцаў у Вільню

26/09/2019 - 10:06

Беларускую дзяржаўную дэлегацыю запрасілі на перапахаванне паўстанцаў у Вільню ў лістападзе. Пра гэта паведаміў міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус, які сустракаўся са сваім беларускім калегам Уладзімірам Макеем у Нью-Ёрку (падчас сесіі генасамблеі ААН). Як інфармуе прэс-служба МЗС нашай краіны, Макей і Лінкявічус гаварылі пра "актуальныя пытанні двухбаковых дачыненняў" Беларусі і Літвы, у тым ліку і пра тыя, якія "выклікаюць заклапочанасць".

Высвятляецца, што таксама закраналася і пытанне магчымых паставак нафты праз Літву ў Беларусь. Пра дыверсіфікацыю паставак нафты ў чацвер гаварыў на сустрэчы з украінскімі журналістамі Аляксандр Лукашэнка. Як паведамляе bns.lt, Лінкявічус згадаў пра зацікаўленасць беларускага боку ва ўдзеле ў цырымоніі перапахавання паўстанцаў. Аднак Макей у размове з ім не ўдакладніў, якога ўзроўню можа быць беларуская дзяржаўная дэлегацыя.

Як вядома, апошнімі днямі ў Беларусі адбываецца дыскусія наконт ініцыятывы прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі перапахаваць кіраўніка вызваленчага паўстання 1863-1864 гадоў Кастуся Каліноўскага не ў Вільні, а ў нашай краіне. Адпаведны зварот быў накіраваны ў літоўскі Сейм. Улады Літвы запланавалі цырымонію перапахавання ў Вільні знойдзеных на гары Гедыміна парэшткаў паўстанцаў, у тым ліку і Каліноўскага, на лістапад.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі