Беларускія вершы пра Каляды
З канца снежня да пачатку студзеня ў беларусаў праходзяць Каляды — народнае свята, звязанае і з Раством, і з наступленнем новага году і Вадохрышчам. Першая Каляда традыцыйна прыходзіцца на ноч з 24 на 25 снежня.
У дні Каляд нашыя продкі (а часам і сучаснікі) ходзяць с песнямі ды вершамі — калядуюць. Еўрарадыё ўжо публікавала беларускія народныя калядныя песні, настаў час і для асобнай падборкі беларускіх вершаў пра Каляды. Абавязкова захавайце, калі вырашыце святкаваць!
Ой, ладачкі-ладкі,
Надышлі Калядкі.
Мы дзеля Калядак
напяклі аладак.
Дралі дробнай таркаю
дранікі духмяныя.
Хочаш – еш са скваркаю,
хочаш – са смятанаю.
Вось вам, калі ласка,
з жэрдачкі каўбаска.
Вось кавалак пірага,
каб не брала вас туга.
Ой, ладачкі-ладкі!
І мядок салодкі
да лясной гарбаткі
наліем у сподкі.
І запахне рутай,
верасам, чаборам,
каб зімою лютай
нам не знацца з горам.
Бярыце з талеркі
лізунцы, цукеркі!
Ешце ўволю, ешце,
Ды не псуйце зубкі…
Песняй нас пацешце,
галубкі, галубкі!
Бохан – поўняй яснаю,
яйкі, бульба, скваркі.
Гэта ўсё – з уласнае
нашай гаспадаркі.
Калі вам прысмакі
прыйдуцца да смаку,
прынясіце Богу
шчыпую падзяку.
Ой, ладачкі-ладкі –
Пляскаем у ладкі!
Ой, ладачкі-ладкі –
Святкуем Калядкі!
Каляда-калядзіца,
Зорка, зорачка, дзянніца,
Ты прайдзі ў кожны дом,
Хай шчаслівым будзе ён!
Каляда-калядзіца…
Сонца зноўку маладзіцца.
Завітай, удача, у дом.
Дружна разам зажывём.
Каляда-калядзіца…
Хай да зор расце пшаніца!
Будзем верыць мы Казе,
Што дастатак пранясе!
Каляда-калядзіца…
Дзіва ноччу нам прысніцца.
Не было каб у свеце зла,
Мы прагонім прэч казла.
Каляда-калядзіца…
Ранкам неба праясніцца.
Будзе хай усяго даволі,
А бяды дык каб ніколі!
Гэткай смачнае куцці
вы не елі ў жыцці.
I блінцы калядныя
дужа-дужа ладныя.
А кісель ды аўсяны
яшчэ лепшы за бліны.
А згатуеце гароху –
з'ясце многа й яшчэ троху.
Селядцы ёсць і грыбкі –
пах ідзе ва ўсе бакі.
Пернікі ды булкі з макам
будуць, пэўна, ўсім да смаку.
Журавінавы напітак
будзе піцца з апетытам.
Усе стравы сытныя,
надта апетытныя!
Верабейка прыг ды скок,
Жвавенька збiрае зерне.
Падыйшоў да хаты змрок,
Пад акном праліўся ценню.
Першым успыхнуў вугалёк,
Зорачкай на небасходзе.
Помняць продкi — не знарок,
Варажба жыве ў прыродзе.
На стол — сена, грошай медзь,
Пост да самага вячора.
Узвар духмяны, не паспець,
З’есць куццю да жоўтых зорак.
Цягне маладых на свет,
Каля банькi хтосць варожыць.
У гэтай чарадзе прыкмет
Дух калядны дапаможа.
Свiст ля млына, смех гарой,
То батлейка вёску смешыць.
Моладзь б’ецца, божа ж мой,
За ўладанне снежнай вежай.
Ведаю, што незнарок,
Усё з намi праiсходзiць!
Адыйшоў ад хаты змрок,
Чырвань грае на ўсходзе.
Жменька жыта, парны плот…
З Калядой святкуюць людзi.
Жужжыць бабцiн калаўрот,
Што прайшло – таго не будзе!
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут